Старонка 98
◀ / 145 ▶
Саматужкі наз., мн. Саначкі. Я борзда... дастаў саматужкі, і мы паехалі. (Б. Сачанка. Не, не усё роўна) Дарога на вуліцы была добрая, цупкая, выкаўзаная, і саматужкі, павіскваючы палазамі, аж самі беглі, хоць на іх ляжала ладная вязка сена. (М. Капыловіч. Па хлеб) Параўн.: саматужкі, саматужэчки — ручныя сані (Масленікава, 186); саматужкі — малыя саначкі (Шаталава, 157). Самахоць прысл. Па добрай волі (Сцяцко, 141). ...Ты — пісаны, а я няпісаны, самахоць прывалокся. (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды) Параўн.: самохаць — дабравольна (БРС-62, 838). Саўсім прысл. Зусім. Нягледзячы на тое, што Рыгор не спаў амаль усю ноч, а толькі прыдрэмліваў злёгку, ён чуў сябе бадзёра, і саўсім нясонна. (Ц. Гартны. Сокі цаліны) Саўсім адтаялі вокны. (М. Гарэцкі. Зіма) ...Часам можа быць, што, ці то суджана гэта, ці што, але чалавеку саўсім іншае пачне здавацца, як раней здавалася... (К. Чорны. Зямля) Ну, пачаў так, што я саўсім нічога не разумею (Я. Скрыган. Скажы адно слова) А здаецца, саўсім нядаўна якраз тут, дзе цяпер стаіць Мішка, ляжалі ачэсаныя дзеравіны... (В. Адамчык. Дзікі голуб) Параўн.: саўсім (БРС-26, 285; Каспяровіч, 277; Шатэрнік, 253; Жыдовіч, I, 121); сусім (Яўневіч, 48; Бялькевіч, 428); сусём (Жыдовіч, II, 156). Сашмыкнуцца дзеясл., зак. Зашмаргнуцца. Наста папправіла пад мехам пугаўё, яно было сагнулася, і маглі сашмыкнуцца лейцы, і сашчапіла на каленях рукі. (І. Пташнікаў. Тартак) Светлата наз., ж. Светлае месца; светлыня. З моцным хваляваннем, разгублены, сунуўся па яе слядах у купэ, у светлату, якая спачатку прымусіла яго прыжмурыць вочы, пасля паказала, што тут яны будуць не адны. (Г. Далідовіч. Дамашанская каралева) Седас наз., м. Сядзіба; заселенае месца разам з зямлёй. ...Маці жыла пры старэйшым сыне, які меў на гэтым жа седасе сваю хату... (А. Кулакоўскі. Расце мята пад акном) Селішча наз., н. Заселенае месца або месца, дзе раней было якое-небудзь пасяленне (ТСБМ-72). Гл. Седас.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 145 ▶