Рыштант гл. Раскол.
Рэдзь наз., ж. Столка (Янкоўскі, I, 164).
Тут добрая дратва патрэбна, ды ў дзве ці тры рэдзі. (М. Лынькоў. Векапомныя дні) Параска зняла з кійка цупкае палотнішча, склала яго ў некалькі рэдзяў, схавала пад кажушок... і берагам Нератоўкі пабегла ў Карпілаўку. (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка)
Параўн.: рэдзь — знешнія сценкі сеткі, абарца з рэдкага палатна, дзякуючы якім рыба робіць мех і заблытваецца (Баханькоў, 224), столка (Яўневіч, 48).
Рэспуст гл. Раскол.
С
Саган наз., м. Чыгун.
Хоць шляхціц цёмны, як саган, затое ж сам сабе ён пан. (Я. Колас. Новая зямля) А мама гаворыць: «Ты ўжо ўмееш упраўляцца. Толькі... як будзеш у печы паліць... не падымай на прыпек... вунь таго вялікага сагана — хай бацька сам падымае». (Н. Тарас. Асіны) ...Сухія дровы шугалі ў печы вясёлым агнём, дружна трашчалі і стралялі гарачымі сучкамі. Вада шумела ў саганах, лілася на спод, шыпела, падымалася парай. (Г. Далідовіч. Сямён)
Параўн.: саган, цаган — чыгунны гаршчок (Каспяровіч, 274; Жыдовіч, I, 119; Сцяцко, 140; Сцяшковіч, 433; Шаталава, 156).
Сальцісон наз., м. гл. Каўбух.
...Нават не дакрануўшыся ні да хлеба, ні да сальцісону,— закурыў пан доктар папяроску... (М. Гарэцкі. Віленскія камунары)
— Чым пачастуеш? — з усмешкай пытаўся Апанас.
— Чым? Вось каўбаска, сальцісончык, сальца харошае, паляндвічка, кумпячок, сырок, селядзец, нават рыбка смажаная. (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах)
Параўн.: сельцісон — від свіной каўбасы, прыгатаванай асобым спосабам (Бекіш, 105); сельтесон, сольтисон, сальцісон, салцосон, салцісон, сэльцісон — зельц, свіны страўнік ці тоўстая кішка, напоўненыя адваранымі ўнутранасцямі і спрасаваныя пад грузам (Вештарт, 403).
75 👁