Параўн.: пікар, пігар — назва гульні, падобнай да рускіх гарадкоў (Янкоўскі, I, 146).
Пільчак наз., м. Пінжак (БРС-26, 238).
Тым не меней, нават і такі «лапсярдак», са спушчаным далёка ўніз станам, усё ж такі больш стасаваўся з важнасцю моманту, чым які-небудзь замухрысты пільчак вясковага настаўніка. (Я. Колас. На ростанях)
Пілявы прым. Настойлівы; вёрткі.
...Толькі яна [Зося] пераступіла парог, як раптоўна з хаты насустрач ёй кінулася яе малодшая сястрычка, пілявая, замурзаная Тэкля... (Ц. Гартны. Сокі цаліны)
Параўн.: пілянне — настойлівасць (Насовіч, 415).
Піпікаць дзеясл., незак. Сігналіць.
Недзе піпікала машына — мусіць, тая, што збірае смецце. (В. Адамчык. Калі ападае лісце)
Параўн.: піпка — люлька, піпкыла — курэц, што не выпускае з зубоў люльку (Бялькевіч, 327).
Пліндраваць дзеясл., незак. Таптаць.
Здохла свіння. Галодныя парасяты спліндравалі агарод і пачалі лазіць у наш ячмень. (А. Бажко. Позняе ворыва)
Параўн.: пляндроваць, спляндроваць — стоптваць, знішчаць таптаннем (Насовіч, 421).
Плужок наз., м. Прылада для абганяння бульбы; акучнік.
Неяк уранні, калі яны ў два плужкі абганялі бульбу, стары спыніўся на павароце і сказаў... (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды)
Параўн.: плужкаваць — абганяць бульбу, плужок — акучнік (Сцяшковіч, 376).
Плужыць дзеясл., незак. Перан., іран. Не старацца вучыцца; плесціся ў самым хвасце (у вучобе).
— Перайшоў у сёмы ці застаўся?
Адказаў за яго [хлапчука] былы кавалерыст:
— Ён глыбока бярэ — па два гады на клас. Плужыць па самы дышаль. Мы з адной вёскі. (Я. Брыль. На Быстранцы)
Параўн.: плужыць — абганяць бульбу (Сцяшковіч, 376).
Плюшаўка наз., ж. Жаночая вопратка з плюшавай тканіны.
84 👁