слова папярок не кажы, а цяпер п'яны,— як рысь той. (І. Мележ. Людзі на балоце)
Параўн.: набычаны — насуплены, нахмураны (Сцяшковіч, 298).
Навік наз., м. Навічок.
Дык лепш наўперад склікаць адных навікоў, падагнаць іх трохі, а ўжо крыху пазней сабраць рэшту вучняў. (Я. Колас. На ростанях)
Параўн.: навік — новы чалавек (Сцяшковіч, 299).
Наглы прым. Злосны.
У Хведара дзве сястры ёсць, дык старэйшая Матыльда спрыяе Хведару, гэтакая самая, як ён, наглая і ненаедная. (К. Чорны. Ліст Якуба Малькевіча)
— ...Сабака ваш наглы,— сказаў ён [Патржанецкі]. — Наглы, гэтага мала, ён яшчэ і разумны. (А. Чарнышэвіч. Світанне)
Параўн.: наглы — раптоўны (БРС-62, 470), нахабны (Жыдовіч, II, 103).
Над духам прысл. Над прыпекам, дзе ідзе дух (цяпло).
...А адзежа ці высахла хаця? Я яе на коміне над духам, выкруціўшы, павесіла... (І. Пташнікаў. Агні)
Надысь прысл. Нядаўна; на днях.
Калі Хведзька вылез з-за стала, знарок трымаючы лыжку з прусаком бліжэй перад Ганнай, мачыха сказала безнадзейна: «Развялося пошасці етай! Надысь ноччу ўстала, падпаліла лучыну, дык яны па падпрыпеку — шась, як войска якое!..» (І. Мележ. Людзі на балоце)
Параўн.: надась, надысь, нагдай, нагдась — на днях (Насовіч, 302); нагдысь, надась, надысь — нядаўна (Бялькевіч, 273—275); надысь — надоечы (Жыдовіч, II, 103).
Надзяванка наз., ж. Адзенне.
Я ўсё на гэтую жанчыну гляджу, а на дзяўчыну, што побач, дык і мала. А як глянуў, ахнуў: Тося! Яна аказваецца! Ды такая прыгожая! І надзяванка ў яе вельмі ж шыкоўная. Куды там! (А. Савіцкі. Палын — зелле горкае)
Параўн.: надзёжа — адзенне (Насовіч, 304); надзяванё — начынка (Шаталава, 109).
Нажутка наз., ж. Верхняя жаночая вопратка з рукавамі (Жыдовіч, 83).
77 👁