Кульгіцаць гл. Кулдыкаць.
Кулька наз., ж. Дзяржанне на кассі для правай рукі.
Бярыся ля маёй рукі, сынок... А праваю за кульку вазьміся... І роўна, пры самай зямлі вадзі... Толькі на касу не налягай вельмі. (М. Капыловіч. Сірата)
Параўн.: кулька — лучок, рукаятка ў касе (Янкоўскі, II, 95), дужка на кассі (Сцяцко, 85; Сцяшковіч, 250), ручка на кассі і папярочная планачка на дзяржанні ў лапаце (Шаталава, 90).
Куляса наз., ж. Самаробная сукаватая палка; кульбака.
Промень ліхтара асвятліў толькі сукаватую блішчастую кулясу, якую адзін з субяседнікаў трымаў між кален. (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах)
Параўн.: куля — мыліца (Сцяцко, 85); куліса — прасека ў лесе (Бялькевіч, 237).
Кумільгам і Кумільгом прысл. 1. Мігам, вельмі хутка.
Дзіўнае, незразумелае пачуццё, падобнае да страху, апанавала тады Карызну, і ён кумільгам кінуўся цераз двор у хату. (М. Зарэцкі. Вязьмо)
2. Потырч, кулём.
...Немец піхнуў хлапца перад самымі варотамі свірна ўбок... і той паляцеў кумільгом у снег. (І. Чыгрынаў. Плывун)
Параўн.: комельгом — хутка, вельмі хутка (Насовіч, 243); кумільгаю, кумільгым — хутка, як слова сказаць (Бялькевіч, 238).
Кумільгом гл. Кумільгам.
Кураўка наз., ж. Лямпа без шкла; газоўка.
У хаце ў гэты час загарэлася лямпа, не кураўка, а тая вялікая. (Н. Тарас. Асіны)
Параўн.: кураўка — 1) недагарэлае палена, 2) лямпа без шкла (Сцяцко, 85; Сцяшковіч, 251).
Курняўкаць дзеясл., незак. Мурлыкаць, мяўкаць.
...Абодва паўзлі па траве, курняўкаючы, як каты. (М. Гарэцкі. Ціхая плынь)
Параўн.: курняўкаць, курняўкыць — мяўкаць (Бялькевіч, 239; ЛГБГ, 291).
Курэнь наз., м. Часовае жыллё; шалаш.
76 👁