Параўн.: каляса — ручная гаспадарчая павозка (Сцяшковіч, 211); каляснік — воз (Шаталава, 71); каляснічок — няпоўны воз (Жыдовіч, III, 60).
Кампанеец наз., м. Кампаньён; паплечнік па якой-небудзь справе.
Яго [Лабановіча] суседзі былі добрыя выпівакі і кампанейцы па часці закускі. (Я. Колас. На ростанях)
Параўн.: кампан — сябар, таварыш (Сцяшковіч, 212).
Камы і Камякі наз., мн. Бульбяное пюрэ; галушкі з бульбы.
«Каму па каму, а мне два камы!» — гаварыў ён [Галава] часта. (З. Бядуля. Язэп Крушынскі) Прышла маці і пачала пытацца: стаўчы камякі з бульбы ці няхай будуць адваранкі. (П. Пестрак. Серадзібор)
Параўн.: камы — бульбяная каша (Каспяровіч, 152), тоўчаная звараная бульба (Зубрыцкі, 72); кома, камы — страва з варанай мятай бульбы (Вештарт, 384); камы — густая каша з бульбы (Бялькевіч, 220), ажына (Сцяшковіч, 213); камакі — бульбяная каша (Янкоўскі, II, 83); комаки — страва з варанай мятай бульбы (Вештарт, 384); камяк, камякі — бульбяная каша (Сцяшковіч, 213; Жыдовіч, III, 60).
Камякі гл. Камы.
Капаніца наз., ж. Матыка.
Нажаўшы травы і занёсшы яе ў хлевушок цялятам, яна [Марта] возьме капаніцу і пачне акопваць у гародзе бульбу ці палоць грады. (Б. Сачанка. Баравое рэха) Шчука, Шураў сусед, выйсце знайшоў — каб не гасіць капаніцай па здзірванелай клетцы, вышуквае, вырывае з коранем дубкі. Маўляў, не ўзыйшлі, былі гнілыя жалуды... (І. Навуменка. Вецер у соснах)
Параўн.: капаніца — матыка (Янкоўскі, I, 39; Яўневіч, 30; Бялькевіч, 220; Сцяшковіч, 215; Шаталава, 75), лапата (Жыдовіч, III, 359).
Капанічыць дзеясл., незак. Матычыць; працаваць матыкай.
Ён [Аляксандр Салавей] слухаўся бацьку, араў з ім і касіў, капанічыў ляды ў хлебнай паляне... (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка)
Параўн.: капанічыць (акапанічыць, акапанічваць, укапанічваць, пакапанічыць) — матычыць (Янкоўскі, I, 31, 89; Яўневіч, 30, 40, 55; Жыдовіч, I, 61).
96 👁