У падпечку заспяваў певень... Жонка сказала: «Яшчэ гэты гарлач, каб ён здох, зараз усіх на ногі ўзніме сярод ночы...» (К. Чорны. Зямля)
Параўн.: гарлач — той, хто бярэ горлам (Сцяцко, 49), гарлапан, гарласты (Янкоўскі, III, 28).
Гарохавінне гл. Гарахавінне.
Гарохаўе гл. Гарахавінне.
Гарусоўка наз., ж. Святочная хустка.
Гаспадыня і тут нават не павяла брывом — паслухмяна накінула на галаву вялікую гарусоўку і, затрымаўшыся ўсяго на адзін момант супраць люстра, якое вісела на паклеенай шпалерамі сцяне, выкацілася з хаты. (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі)
Параўн.: гарусоўка — хустка з шэрсці (ДАБМ, карта № 332, с. 945—947); гырсаўка — вязаная з воўны хустка (Бялькевіч, 145).
Гаршчэчнік наз., м. Дзяржанне вілак, вілачнік.
Яна дастала з печы скавародку, перавярнула аладку на другі бок і, упёршыся на гаршчэчнік, падумала. (Я. Брыль. У Забалоцці днее)
Параўн.: гаршчэснік, гаршчэчнік — вілы, якімі вымаюць гаршкі з печы (Сцяшковіч, 116; Жыдовіч, III, 35).
Гарэлікі наз., мн. Падгарэлая бульба.
Мужчыны селі, пачалі браць зверху [чыгунка] гарэлікі, абскрабаць іх і са смакам есці. (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка)
Параўн.: гарэлік — крыху прыгарэлая печаная ці вараная бульбіна (Янкоўскі, І, 59); горэлік, горэляк, гарэлик — падгарэлая зверху бульбіна (Вештарт, 375); горэлка — бульба з прыгаркамі (Шаталава, 40).
Гвазнуцца дзеясл., зак. Стукнуцца; бразнуцца, упасці з шумам.
Мікіта падскочыў на лаве і знячэўку штурхнуў плечуком Мікалая Мірнікійскага. Абраз з шумам гвазнуўся наперад аб стол, а потым аб лаву. (Я. Колас. Адшчапенец)
Параўн.: гваздануць — выцяць, стукнуць (Бялькевіч, 134).
Гегеканне наз., н. Гергетанне.
Ціха плывуць у надхмар'і гусі. Вось яны ледзь-
83 👁