Вяшак наз., м. Вешалка.
Стары сярмягу з вешака сарваў, накінуў хутка... (М. Танк. Журавінавы цвет)
Параўн.: вяшак — вешалка насценная (Сцяцко, 40), вешалка ў адзенні (Сцяшковіч, 105; Жыдовіч, III, 32), пятля для вешання адзення (Жыдовіч, I, 35), жэрдка ў лазні, на якую вешаюць бялізну (Шаталава, 36).
Г
Галавашка наз., ж. Частка калёс; вузгалаўе.
Як заўсёды, бацька адчапіў вяроўку з задка калёс, прывязаў кола за спіцу да галавашкі, каб яно не круцілася. (І. Мележ. Людзі на балоце)
Параўн.: (з)головяка, головашэчка (Масленікава, 188); гылывашкі — узгалоўе (Бялькевіч, 144).
Галуза наз., м. 1. Гарэза, свавольнік.
Яшчэ той галуза, што ўчапіўся быў за Хомчыны калёсы пад'язджаць, ухапіўся за наклеску. (М. Гарэцкі. Ціхая плынь)
2. Галавешка.
Агонь амаль зусім патух, чырванее толькі невялічкая кучка вуголля ды збоку дыміць адна-адзінюсенькая галузка. (Б. Сачанка. Дзік-бадзяга) Крыж, што стаяў у пяску на разгалку дарог, абгарэў, счарнеў быццам галуза... (І. Мележ. Подых навальніцы)
Параўн.: галуза — жэўжык, балаўнік (Бялькевіч, 131), неслух, свавольнік, гарэза (Юрчанка, 62), з кароткімі валасамі, нагола астрыжаны (Сцяцко, 41); галуска — галінка (Сцяшковіч, 109).
Галузаваць і Галуздаць дзеясл., незак. Марна траціць час.
Нічога выдатнага не забягала на местачковыя вуліцы, на якіх галузавалі толькі жэўжыкі Моўшы, Янкі, Іцкі, Язэпкі... (М. Лынькоў. Гой) Дзядзька часта мяне настаўляў, каб не браў кепскага прыкладу з яго дзяцей, якія галуздаюць і ніякай ахвоты не маюць да навукі. (З. Бядуля. Язэп Крушынскі)
Параўн.: галузаваць — свавольнічаць (Насовіч, 108).
Галузванне наз., н. Свавольства; марная трата часу.
У задуме глядзіць Хомка на галузванне і дуронства малых... (М. Гарэцкі. Ціхая плынь)
Параўн.: галузованьне — лодырнічанне, свавольства (Насовіч, 108).
87 👁