(М. Зарэцкі. Вязьмо) ...Стаялі групкамі салдаты. Курылі і паціху гаманілі, жавалі глёўкі хлеб, хтосьці прышываў гузік да цупкага мокрага шыняля. (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка)
Параўн.: цубкі — неэластычны; менш гнуткі, як звычайна (Янкоўскі, II, 191).
Цурбылле гл. Цаціўе.
Цырбун наз., м. Сцябло без лісця.
Конь падышоў да жолабу. Абмацаўшы ў жолабе, Юрка заўважыў: «Адны цырбуны». (К. Чорны. Зямля) «Трэба выйсці даведацца, у чым справа»,— адрываючыся ад сякеры, якою ён сек тытунёвыя цырбуны на махорку, падняўся з лавы Лявон. (А. Васілевіч. Шляхі-дарогі)
Параўн.: цурбан — кавалак дрэва (Янкоўскі, II, 191); цурбаліна, цурбалка — жорсткая і цвёрдая сцябліна (Янкоўскі, III, 143).
Цямця наз., аг. Няўдаліца.
Злосны і на ўвесь свет, і на самога сябе — «Пёрся, цямця, а тут і заняло!» — ён сеў і паехаў памалу. (Я. Брыль. Апошняя сустрэча) «Што вы, цётачка? — апраўдвалася тая, што ў кажуху.— Мой жа Парфіль такі цямця-лямця. Ён ніколі так не скажа на вас». (С. Александровіч. Ад роднае зямлі)
Цярэспале прысл. Напрасткі полем.
Сёння, яшчэ цёмненька было, ад настаўнічышынай Домны выйшаў Віктар і цярэспале пайшоў на Лапачоў Брод. (М. Лобан. На парозе будучыні)
Параўн.: цярэспаля — напрасткі цераз поле (Сцяцко, 174).
Ч
Чабух гукаперайм., часц. гл. Бурдэнц.
Зробяць, што трэба, а потым труп — чабух у балота. (З. Бядуля. Язэп Крушынскі)
Параўн.: чабохаць — біць па вадзе (Каспяровіч, 341); чабухнуць — кінуцца з разгону ў ваду (Бялькевіч, 487).
Чалавек наз., м. Муж.
Вярнуўшыся к калёсам, Глушак убачыў на двары насупраць Элю — Годлінага чалавека. (І. Мележ. Подых навальніцы)
81 👁