Ішоў [Панок] ззаду за ўсімі, дыхаючы, як рыба на пяску, ажно хаўкаў. (І. Пташнікаў. Тартак)
Параўн.: хакаць — цяжка, часта, перарывіста дыхаць (Яўневіч, 55; Юрчанка, 209); хаўкаць, хоўкаць — пазяхаць (Жыдовіч, II, 170).
Хацішча наз., н. Месца, дзе стаяла хата.
Антон Ягоравіч пастаяў на сваім хацішчы, агледзеўся. (І. Чыгрынаў. На пыльнай дарозе)
Параўн.: хатище, хатнищэ, хатышчэ, хатысько — месца, дзе стаіць ці стаяла хата (Корань, 157).
Хлабасціна наз., ж. Дубец, галінка, ламачына.
А ты, Варка, хлабасцінаю не махай: пятух акно высадзіць... (М. Гарэцкі. Зіма)
Параўн.: хлыбазіна, хлыбасціна — хварасціна, дубец (Бялькевіч, 474); хлабыстацца — шлёпацца (Шаталава, 186).
Хляба наз., ж. Паха.
Худая, з вострым крыжам і пустымі хлябамі карова... ішла па-старэчаму павольна і безуважна. (В. Адамчык. Срэбра на павуціне)
Параўн.: хляба — 1) дыхавіца, 2) паха (Сцяцко, 169), бакавая ўпадзіна паміж апошнім рабром і клубам (Шаталава, 187); перахлябіцца — рэзка патанець ад голаду, знясілення (пра жывёлу) (Яўневіч, 44).
Ходнік наз., м. Палавік.
І я стану жыць у хаце з белымі фіранкамі, з цёплай пафарбаванай падлогай, з мяккімі ходнікамі... (В. Адамчык. Урок арыфметыкі)
Параўн.: ходнык, ходнік — палавік (Сакалоўская, 316; Жыдовіч, 171).
Храпа наз., ж. Мёрзлая гразь.
На буланым стаенніку выехаў змрочны камендант, верхам праехалі афіцэры, следам па мёрзлай тугой храпе пратупалі падкаваныя боты салдат. (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка)
Параўн.: храпа — камякі мёрзлай гразі (Ніканчук, 92; Сцяцко, 170; Сцяшковіч, 583; Шаталава, 187).
Хтокала наз., аг. Той, хто пры гутарцы часта перапытвае «хто?»
— У Лядах выцяг?
— Хто?
— Хтокала. (П. Галавач. Кнак)
79 👁