жэрдка, вакол якой кладуць стог, падсцілка для стога (Шаталава, 172).
Сцібаць і Сцігаць дзеясл., незак. Ісці вялікімі крокамі.
Рыгор застаўся адзін. Ён хацеў гукнуць сваіх небажат — Зоську і Гуляша,— але ўспомніў, што, мусіць, паехалі ўжо. Тады засцібаў дарогаю. (К. Чорны. Нянавісць) ...Я бачыў, як вы сцігалі вуліцаю... (Ц. Гартны. Сокі цаліны)
Сцігаць гл. Сцібаць.
Сцягач наз., м. Чалавек, які не мае пастаяннага месца жыхарства; бадзяга.
Ты думаеш, мне гэты перамер цацка вялікая? Хто асеў на гаспадарцы, нават гэтыя сцягачы, якім зямлю гэтымі гадамі падавалі, няхай от яны скажуць! (К. Чорны. Зямля)
Сцяжарня гл. Стажарышча.
Сыскацца дзеясл., зак. Знайсціся, адшукацца.
А тут яшчэ круціцца — сыскаўся са свету — гэты зладзюга Шыбянок. (М. Зарэцкі. Вязьмо) Каля Пракопавай хаты спыніўся запылены «Масквіч». І пакацілася па вёсцы пагалоска: Пракопаў пляменнік сыскаўся. (С. Грахоўскі. Калі астаюцца свае)
Параўн.: сыскацца — вярнуцца (Жыдовіч, II, 157).
Сычаць дзеясл., незак. Сыцець.
Мяса ідзе на птушкаферму, а куры ад гэтага, знаеш, як сычаюць. (А. Кулакоўскі. Тры зоркі)
Сянні прысл. Сягоння.
«А я ўжо думала, вы сянні не прыйдзеце»,— прапела яна грудным голасам. (І. Чыгрынаў. Сонца на косах) А Іван Падзерын выйшаў на колькі хвілін у двор, вярнуўся адтуль і сказаў, пацепваючы плячамі: «Але ж і вечар сянні!» (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі)
Параўн.: сёні, сягання, сяньні (Жыдовіч, II, 133; Бялькевіч, 439).
Т
Тавар наз., м. Буйная рагатая жывёла.
...Калі будуць з пашы гнаць тавар, я паеду дадому... (Б. Сачанка. Баравое рэха)
79 👁