Браніслаў Эпімах-Шыпіла
Поўнае імя: Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч
Год народзінаў: 1859
Год смерці: 1934
Асноўная мова работ: Беларуская
Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч нарадзіўся 4 верасня 1859 у фальварку Будзькаўшчына, Полацкі раён Віцебскай вобласці. Дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец. Сябра Інбелкульта (1924). Кандыдат гісторыка-філалагічных навук (1887). 3 1925 рэдактар, у 1927-29 старшыня камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. 18 ліпеня 1930 беспадстаўна арыштаваны, зняволены. 12 верасня 1930 выпушчаны на волю з забаронай жыць у Менску. Збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры Беларусі. Укладальнік рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі». У 1893 зрабіў рукапісную копію п'есы «Залёты» В. Дуніна-Марцінкевіча, меў рукапіс зборніка «Скрыпачка беларуская» Ф. Багушэвіча і інш. Ініцыятар стварэння, адзін з кіраўнікоў выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». Фактычны кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага універсітэта.
Падтрымліваў творчыя сувязі з Багушэвічам, М. Доўнар-Запольскім, А. Ельскім, А. Сапуновым, Карскім, Цёткай, Я. Коласам, М. Багдановічам, Ц. Гартным, Паўловічам, К. Буйло, Б. Тарашкевічам, Я. Драздовічам, А. Грыневічам, У. Ігнатоўскім, рэдакцыяй «Нашай нівы». Адыграў значную ролю ў жыцці і творчасці Я. Купалы, які ў 1909-13 жыў у яго кватэры ў Пецярбургу. Рэдактар першага зборніка Я.Купалы «Жалейка». Збярог рукапісы многіх вершаў паэта, пераважна 1906-07.
Пад яго рэдакцыяй (з М. Байковым) выдадзены «Віцебскі краёвы слоўнік» (1927) М.І.Каспяровіча і «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» (1929) М.В. Шатэрніка. Аўтар рэцэнзіі на зборнік А.К. Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1928). У 1929 Эпімах-Шыпіла перадаў Акадэміі Навук Беларусі асабістую бібліятэку - 5 тыс. тамоў, пераважна па беларусазнаўстве.
Работы: 1
Назва | Год | Старонак |
---|---|---|
Слоўнік Эпімаха-Шыпілы | 1969 | 6 |