КАЎКАЦЬ незак. Ледзь дыхаць, ледзь жыць. Жонка яго лёдзьвя каўкая – скоро ёй капец будзя – давёў.
КАЦЮТЫ мн. Плясканне ў далоні. Ажно ў кацюты хлопчык запляскаў – такі падарунак хрышчоная маці прынясла.
КВЭНЧЫЦЬ незак. Вымольваць, выпрошваць. Квэнчыць тут цэлы дзень пад вухам – дзе я вазьму яму тых грошай?
КЕСТАЛКА ж. Загуба, пагібель, гроб з музыкай. Каб табе кесталку зрабілі. Німа на цябе кесталкі.
КІЛДЫШЫЦЬ незак. Тузаць, душыць, біць (іграючы, цешачыся). Любіць, таму і кілдышыць; каб ні была мілай, ні кілдышыў бы.
КІТКА ж. Вязанка. Кіткамі сена панасіў у гумно. Мо пяць кітак сена ў прыстаранку – як яго будзя дазімаваць кароўку?
КЛЫБАЦЬ незак. Ісці накульгваючы. І куды гэто твая цешча клыбая?
КЛЫБУН м. Кульгавы чалавек, найчасцей з прыроджанымі дэфектамі. Клыбун Вусцін зноў недзя суняцца.
КОТУХ м. Месца для бульбы ў каморцы. На картоплях у котуху стаіць твой кошык – ні плач.
КРЭЧМА: КРЭЧМА КРЫЧАЦЬ. Надрыўна крычаць, балюча. Крэчма крычала ўсю ноч – так тузала нага, мусіць падбой у мяне, нарываць стало.
КУЗЁ выкл. Так клічуць жарабят. Кузё, кузё! Харошанькаё маё жарабятко, ідзі да мяне, ідзі, ні бойся. Кузё, кузё...
КУКА ж. Балячка, болька. Куку дзяўчынка зрабіла, баліць дзяўчынцы кука.
КУТАЦЬ незак. Цёпла апранацца. Кутаць залішне ні трэба – цёпло ж спаць і так.
ЛАБАЙДА ж. Пустамеля. Лабайда гэтая прыходзіла, нагаварыла бочку арыштантаў і пайшла рагочучы.
ЛАБЭЦІНА ж. Лоб. Не падстаўляй сваю лабэціну дзе трэба, дзе ні трэба – герой такі знайшоўся.
ЛАЖБІНКА ж. Ніжэйшая частак гоняў, поля. Жаць зайшлі былі ад лажбінкі.
ЛАТАЦЁ н. Лотаць. Вясна на дварэ – латацё занялосё жоўтымі сваімі кветкамі.
83 👁