УКОСІКІ прысл. Крыва, зігзагамі. Ну і араты с цябе! Навіхляў укосікі...
УКРАДЛІВЫ прым. Асцярожны, патаемны. У яго хада, як у ката, украдлівая.
УЛЕГІСТЫ прым. Старанны, неадступны. Ай-яй, як улёг за зайцам! Дзе ты такога ўлегістага сабаку дастаў?
УМЕРКНУЦЬ зак. Пацямнець. У мяне у вачох ажно ўмеркла.
УПІЧКА ж. Папрок. Бес канца ўпічкі, шпількі... Што за чалавек такі?
УПЛАКАЦЬ зак. Упрасіць слёзна. Уплакала паліцая, упрасіла – пусьціў бацьку.
УТЛУМАЧЫЦЬ зак. Добра растлумачыць. Утлумач ты яму, у мяне ўжэ моцы німа.
УТОХНУЦЦА зак. Сасмагнуць. Што ты ўсе хапаесса за халодную ваду? Утохса вельма?
ХАПОШЧЫ мн. Панічнае разбіранне тавараў у магазінах. Перад гэтым падаражаньнем хапошчы, як перад вайною.
ХЛУПА прысл. Нахіліста. Хлупей трэба кроквы стаўляць, а то шыферу ні хопіць.
ХРЭШЧЫКІ мн. Хлеб, спечаны на хросную нядзелю ў Вялікі пост, упрыгожаны цацкамі ў выглядзе крыжа, сярпа, бараны. Хрэшчыкі бралі ў поле, калі ехалі першы раз араць. Ты ш хрэшчыкі ні забуць у торбу пакласьці.
ЦІЎКАТ м. Назоўнік ад гукапераймальнага дзеяслова «ціўкаць». Кураняты галодныя, ціўкату нарабілі.
ЦЫБЫ мн. Доўгія худыя ногі. Выставіла цыбы... Прымі, бо спатыкнуса.
ЦЫРБУН м. Сцябліна. Цырбуны ў шчаўя таксама кіслыя.
ЦЫРКАЦЦА незак. Корпацца, забаўляцца. Колькі ты будзеш цыркацца? Вада даўно закіпела.
ЧАБОХНУЦЬ зак. Укінуць чаго-н. адразу шмат. Майму ўсе солі мала. Узяла рас, чабохнула лошку – еш!
ЧВЫР м. Жвір. Выйду на рэчку, сяду на чвырочку. Ці ні выйдзе міла памыць мне сарочку? (з песні).
ШАМЛЯК м. Няшчыльны качан капусты. От прывезьлі капусту – адны шамлякі. Німа с чаго выбраць.
82 👁