гліна, лапаткаю выкідаю на пасцілку лляную і тапчу нагамі (15). Гліна разапрываець, прыець у карыце. Заліваеш вады, каб разжызілася гліна (6). Ужэ гліна добрэ ўкісла, можно горшкі робіты. Гліна розыходзіцца, як помочыш водою (20).
Наступная стадыя апрацоўкі ганчарнай сыравіны — апрацоўка гліны нагамі на падлозе (т. з. працэс «таптання») або рукамі на лаўцы. Абазначэнні гэтага працэсу падзяляюцца на агульныя і канкрэтныя. Агульныя абазначэнні наступныя: таптаць — 1, 2, 4, 5, 6, 7, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17 (топтаті — 18) і мясіць — 3, 7. Добра нагамі тапчы, каб аж пухкая, як цеста, стала (7). Тады трэба выкідаць таптаць гліну (16). Пасыпалі жоўценькі песок, каб гліна не прыставала да пола, і тапталі босымі нагамі (14). Здзяеш лапці і нагамі топчэш гліну (6). Пасыпаецца пясок, выкідаецца гліна с карыта і топчуць нагамі (2). Топчэш, пака шоб кускоў сухіх не было там (15). Тапталі гадзін тры босаю нагою (13). Гліну на падлозе нагамі тапталі (5). Ужэ натёр, трэба топтаті гліну (18). Пружанскія ганчары ўжываюць таксама аддзеяслоўны назоўнік топтанне: Гліна готова до топтання (18).
Канкрэтныя абазначэнні працэсу апрацоўкі гліны нагамі звязаны з паняццямі аб асобных спосабах такой апрацоўкі. У час таптання гліна размінаецца па падлозе ў тонкі пласт. Гэты працэс у мове беларускіх ганчароў абазначаецца наступнымі дзеясловамі: разганяць — 3, 4, 5, расцілаць, растоптваць — 13, раскаціць — 3, раскатваць — 6. Разгоніш як блін які (4). Разганяеш гліну па ўсёй хаці. Разы тры-чатыры раскоціш і рэжэш у савалкі (3). Разганяеш пальцы на два (5). Як раскатаеш, то рвем на кускі і з іх робім камы. Растоптвалі на палец, каб жарства паперарэзала гліну, каб гаршкі выходзілі харошые (13). Растаптаны па падлозе тонкі пласт гліны скачваюць або складаюць у адзін кусок і топчуць зноўку. Гэта паўтараецца некалькі разоў. Працэс складвання або скачвання растаптанай гліны абазначаецца словамі скручваць — 2, 7, 17, скруціць — 4, круціць, скачваць — 11, скачаць — 3, складваць, згортваць — 12, варочаць — 2: Растаптаў хоранька на блін, тады скручваецца ў камок. Варочаць трэба разы тры-чатыры (2). Патом скачаеш у трубу (3). Скруціш гліну ў савалак (4). Круціш гліну ў трубу. Тады скачваеш і зноў паўтараеш (11). Вытаптаў і скручваю ў вал (17).
76 👁