Б
БА форма загаднага ладу ад дзеяслова бачыць. Ба, які вырас, хутко і бацька дагоніць. Азярцо Падст.
БАБКА ж. Знахарка, варажбітка. Людзі рады шукаюць ад хваробы ні толькі ў дактароў, але і ў бабок. Заполле Кос. бат. Трыпутнік. Бабку да ран і нарывоў прыкладаюць. Быч Стайк. Даўней бабку запарвалі, як жывот баліць. Альшаніца Квас.
БАВАЛЬНІЦА ж. Баваўняныя ніткі. Воўну па бавальніцы паткала, добрыя радзюшкі вышлі. Жамадзяйкі Міл.
БАГДАНКА ж. заал. Рудая мурашка. Багданкі найбольш па грудах на балоці, чырвоненькія такія, маленькія, надто ж моцно кусаюцца. Заполле Кос.
БАГОН м. бат. Багун. Я надто багон люблю, ён і ад кашлю памагая. Няхачава Стайк.
БАГОРЫК м рыб. Прылада з круком на канцы, з дапамогай якой выцягваюць злоўленую рыбу. Зімой з падсачыком пад лёд ні падлезяш, то багорыком пад жабры рыбы задзяюць. Заполле Кос.
БАДЗЯК м. бат.Асот палявы. Бадзяк расце ўсюды. Бялавічы Кос. Тое ж, што і алой. Бадзяк памагая ад кашлю, але трэба, каб яму было больш чым тры годы. Заполле Кос.
БАЖАНЯТЫ толькі мн. рэліг. Негадавыя рэлігійныя святы. Каб бажаняты ўсе святкаваць, то, мусіць, чалавек зусім ні рабіў бы, адно свята святкаваў. Хадоркі Кос. Унукі. Бажаняты мае ідуць, як мак у агародзі цвіце. Сярадава Жытл.
БАЗА ж. Частка калгаснага двара. Канюшня, хамутнік - место пад тапалямі, дзе стаялі вазы, называлі база. Заполле Кос.
БАЙСТАР м. зневаж. Пазашлюбнае дзіця. Бачыш, байстар, а вывучыўся, вялікі начальнік стаў. Бялавічы Кос.
81 👁