Сонца грэе — душа млее. Зайка А.П., 1911 г.н., 1980. Заполле Кос. Чалавек заўсёды рады цяплу, сонцу. Сошкаю гараў, як папала, а хочаш, каб хлеба зямліца давала. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас. Толькі старанная, руплівая праца прыносіць дабрабыт. Спалоханая варона і пня баіцца. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1990. Заполле Кос. Хто сутыкаўся з непрыемнасцю, няўдачай, робіцца празмерна асцярожным. Сполка колка. Воўна В.Ф., 1939 г.н., 2001. Заполле Кос. Сполка — суполка. У грамадзе, у хаўрусе здараюцца і рознагалоссі, разлад, сваркі. Спосабам бацька хату спаліў. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1985. Заполле Кос. Ва ўсякай справе трэба шукаць прасцейшыя шляхі. Справядлівага чалавека Бог любіць, але шчасця яму не дае. Красная Н.Р., 1929 г.н., 1985. Альшаніца Квас. Праўду не ўсе любяць. Старасць не радасць. Міхнюк Г.Ф., 1942 г.н., 2002. Размеркі Стайк. У старасці чалавека апаноўваюць хваробы, пакідаюць сілы. Старое адзенне новае беражэ. Валошчык Г.У., 1938 г.н., 2005. Косава. Ашчаднасць, беражлівасць спрыяе дабрабыту сям'і. Старое рвецца — на новае бярэцца. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас. Так жартуюць, калі падралася адзенне. Старое як малое, што ўдзень бачыць, тое ўночы пытае. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас. "Стары ўбачыць днём прысмакі, а сорам папытаць, ажно ноччу яны яму сьняцца, у сьне пытая" (тлум. інф.). Стары вол баразны не псуе, але і глыбока не бярэ (не арэ). Таўрэль У.А., 1938 г.н., 1995. Була Міл.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
97 👁