Лепш блізкі сусед, чым далёкая радня. Мігель М.В., 1962 г.н., 1974. Заполле Кос.
"Часам сусед бліжэйшы за самую блізкую радню" (тлум. інф.).
Лепш везці воз грабу, як адну бабу. Шчурко У.І., 1961 г.н., 1976. Заполле Кос.
Баба — жанчына. "Калі гэтая баба бурклівая, зьвяглівая" (тлум. інф.).
Лепш дзеверы чатыры, чым залвіца адна. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Дзевер — мужаў брат. Залвіца — мужава сястра. Прыйшла ў сям'ю маладая жанчына, дык незамужняя залвіца стараецца братавую прынізіць, падкрэсліць, што яго выбар няўдалы.
Лепш сваё старое, чым чужое новае. Аўласевіч С.С., 1921 г.н., 2001. Няхачава Стайк.
Лепш карыстацца хоць старым, але сваім.
Лепш сем раз згарэці, чым раз заўдавеці. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1980. Заполле Кос.
Бо ўвесь клопат па доглядзе дзяцей кладзецца на плечы ўдаўца.
Лепш хлеб з вадою, чым пірог з бядою. Арцяшук А.М., 1961 г.н., 1976. Заполле Кос.
Матэрыяльныя нястачы нішто ў параўнанні з душэўным спакоем.
Летам кожны кусток начаваць пусціць. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Летам нагою, а зімою рукою. Зайка А.П., 1911 г.н., 1980. Заполле Кос.
Парупішся летам, зімою як знойдзеш.
Лёгка пазычаць — цяжка аддаваць. Лісок Н.В., 1929 г.н., 2005. Альшаніца Квас.
"Пазычаяш чужоя, аддаеш сваё" (тлум. інф.).
Лёгка прыйшло, лёгка і пайшло. Рабчэня Т.І., 1942 г.н., 2003. Заполле Кос.
"Дасталося нешчо бясь цяшкасьці альбо дарэмна, то ні трэба шкадаваць, калі набытае згубіцца, змарнуяцца" (тлум. інф.).
91 👁