ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ · 23
"Калі ашануюць няшчасьці, то ні ведаяш, як атрасьціся ад йіх" (тлум. інф.). Ашанаваць – апанаваць, авалодаць.
Бяда вымучыць і вывучыць. Саўчук М.Р., 1922 г.н., 1997. Жытлін Жытл.
Бяда вучыць не паўтараць памылак.
Бяда на бядзе едзе, бядою паганяе. Шыманчык В.В., 1933 г.н., 1979. Хрышчонавічы Квас.
Так кажуць, калі не шанцуе ў жыцці.
Бяда не па лесе, а па людзях ходзіць. Зайка А.П., 1911 г.н., 1980. Заполле Кос.
Бяды не шукай, яна сама цябе знойдзе. Паляшчук В.Д., 1931 г.н., 2001. Юкевічы Стайк.
Бяздоннай бочкі не напоўніш, а багатага не накорміш. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
"Багатаму ўсяго мало. Чым боляй багацьця, тым боляй хочацца" (тлум. інф.).
Бярэш кароўку, бяры і вяроўку. Казімірчык А.П., 1928 г.н., 2003. Скураты Квас.
Калі траціцца большае, няма чаго плакаць па меншым.
Вада дала – вада ўзяла. Воўна В.Ф., 1939 г.н., 2008. Заполле Кос.
"Знайшоў што, а тады згубіў – ні бядуй: вада дала – вада ўзяла" (тлум. інф.).
Вада камень падмывае. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
Настойлівы чалавек усяго даб'ецца.
Варона малая, а горла вялікае. Воўна В.Ф., 1939 г.н., 2003. Заполле Кос.
Пра крыклівага, зласлівага чалавека, які ўрэшце займеў невысокую начальніцкую пасаду.
Вачыма еў бы, але душа не пускае. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Так кажа пра сябе хворы, якому не ўсё можна есці
117 👁