ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ · 21
Бог не роўна дзеліць. Вайцяшук М.Т., 1916 г.н., 1995. Верашкі Квас.
У кожнага свой лёс: аднаму шчасціць больш, другому менш.
Бог не цяля, пазнае круцяля. Сяўчук Л.А., 1905 г.н., 1983. Бялавічы Кос.
Той, хто жыве ашуканствам і падманам, атрымае па заслугах.
Бог сірату любіць, але шчасця не дае. Лушчык В.І., 1930 г.н., 1998. Альшаніца Квас.
Гэтак кажуць, спагадаючы сіраце.
Бог тройцу любіць. Макарчэня М.А., 1945 г.н., 2003. Заполле Кос.
Чалавек, якому нешта недадаюць, гэтак жартуе, нагадваючы пра тое.
Браты — воўчыя раты. Зайка В.А., 1942 г.н., 2012. Заполле Кос.
"Так кажа сястра пра братоў. Да йіх ні вельмі прытулісься, бо трэба ш сястры зямлі даць у пасах, калі замуж будзя йсьці" (тлум. інф.).
Браў воўк, узялі і воўка. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
Нядобрыя ўчынкі, справы, колькі б яны ні тварыліся, стануць вядомыя, будуць мець канец.
Будзе галава, будуць і грошы. Мацвіеня В.А., 1917 г.н., 1995. Галік Міл.
"Чалавек, у якого разумная галава на плячах, заўсёды прыдумая, як зарабіць грошы" (тлум. інф.).
Будзем жывы і Богу мілы, а людзям сам чорт не дагодзіць. Зайка Н.П., 1944 г.н., 2001. Заполле Кос.
"Ні дагаджайця людзям, а дагаджайця богу, так некалі мая маці казала" (тлум. інф.).
Будзем мы — будуць і грошы. Зеляня М.М., 1944 г.н., 2003. Квасевічы Квас.
"Будзем жывыя мы, то заробім грошы. Мёртваму нічого ні трэба" (тлум. інф.).
Будзе ў людзей — будзе ў нас. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
"Тое, шчо ў людзей е, калі пастараямся, будзя і ў нас" (тлум. інф.).
120 👁