Старонка 602
◀ / 696 ▶
валіў гаспадар і жартам дадаў: – Што кажух – то не вата, што капуста – то не гарбата (У. Гніламёдаў. Вяртанне). – Янкоўскі, с. 172: Што кажух – то не вата, што капуста – то не гарбата; Прыказкі, кн. 1, с. 273: Што кажух – то не вата. Што каму баліць, той пра тое і гаманіць. Гл. Што ў каго (каму) баліць, той пра тое (аб тым) і гаманіць (гаворыць, крычыць). Што каму дапякае, той пра тое і гукае. Кожны гаворыць пра набалелае. Сін.: Што каму рупіць, той тое і жупіць; Што ў каго баліць, той пра тое і гаманіць. Ну возьмем хаця б крытыку (што каму дапякае, той пра тое і гукае). Чытаю-перачытваю шматлікія рэцэнзіі на паэтычныя зборнікі апошніх гадоў і пераконваюся, што наша сучасная крытыка не проста талерантная, паважна-ўнікальная, але досыць часта камплiментарная, усхваляльная, безадносна-аморфная да мастацкай шэрасці (А. Бельскі. Каму розгі, каму смех). – Санько, с. 49: Што каму дапякае, той пра тое і гукае. Што каму рупіць, <то> той тое (пра тое) і жупіць. Кожны гаворыць ці думае пра набалелае. Сін.: Што каму дапякае, той пра тое і гукае; Што ў каго баліць, той пра тое і гаманіць. – А хто табе казаў пра ўсё гэта? – Хто мне казаў пра ўсё гэта? Што каму рупіць, то той пра тое і жупіць. Калі мне што трэба пачуць, дык я да таго і прыслухоўваюся (К. Чорны. Бацькаўшчына). Я ведаў, што пры першым зручным выпадку дырэктар абавязкова скажа: ат, справы не важныя – бухгалтар у мяне не надта складны. Як кажа народная прымаўка: што каму рупіць, той тое і жупіць (Я. Скрыган. Дакументальная рэвізія). Што каму рупіць, той тое і жупіць. Мне вельмі хацелася пазнаёміцца з аўтаматам, хоць бы ў чарцяжах (Я. Васілёнак. Самае важнае адкрыццё). – ТСБМ, т. 2, с. 260: Што каму рупіць, той тое і жупіць; БРС, т. 1, с. 413: Што каму рупіць, той тое і жупіць. Што каму суджана, <дык і пехатой> таго не абойдзеш і <з канём> не аб'едзеш. Гл. Суджанага і канём не аб'едзеш. Што край, то абычай. Гл. Што <ні> край, то <і, свой> абычай (звычай). Што лапці сплятуць, таго боты не разблытаюць. Што прыдумае мужык (ніжэйшы чын), таго не разгадаць, не прадугадаць пану (вышэйшаму чыну). [Несцерка:] Адпраўляй Кацярыну насустрач Андрэю, а як звечарэе – прыходзь да касцёла. Будзе яму [пану] нявеста ды з другога цеста. Папомні маё слова: што лапці сплятуць, таго боты не разблытаюць. Будзе вяселле! (У. Бутрамееў. Новыя прыгоды Несцеркі).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
91 👁
◀ / 696 ▶