не наравіўся, не прыставаў. За гэта яго цанілі, хаця і не бераглі: грузілі, паганялі, не заўважалі крывавых мазалёў пад хамутом. Як кажуць, хто цягне, на таго і грузяць (М. Зарэмба. Дзень магнітнай буры).
– Янкоўскі, с. 41: Хто цягне, на таго і валяць.
Хто цярплівы, той шчаслівы. Пра таго, хто ўмее захоўваць вытрымку, самавалоданне. Вашура знарок стражэў: «Годзе, годзе квахтаць. Вучыся цярпець. Хто цярплівы, той шчаслівы» (М. Воранаў. Карона).
– Янкоўскі, с. 316: Хто цярплівы, той шчаслівы.
Хто чужога не шкадуе, той свайго не мае.
* – Гэта ж дзесяцін з пяцьсот лесу тут будзе каля балота. – А калі і будзе, то што? Няма чаго чужое лічыць. – Хто, пане мой, чужога не лічыць, той свайго не мае (М. Лобан. На парозе будучыні).
– Прыказкі, кн. 2, с. 443: Хто чужога не шкадуе, той свайго не мае; Хто чужога не шануе, свайго мець не будзе.
Хто шукае, той знаходзіць. Функц. не зам. Кажуць з упэўненасцю пра станоўчыя вынікі якіх-н. пошукаў. Сін.: Латва знойдзе, хто шукае. Калі, напрыклад, толькі заводзілі ў культуру цукровыя буракі, у іх было ўсяго 6 працэнтаў цукру. А цяпер мы трымаем курс на 35 працэнтаў... Гэта ўсё робіць творчая думка і людская праца. Хто шукае – той знаходзіць. Вось і я адшукаў у стагадовай кнізе, выдадзенай у Санкт-Пецярбургу, цікавыя звесткі (У. Ліпскі. Адпяванне жывых). – Мы гэтаму дзіваку пакажам дзе ракі зімуюць, – прыгразіў невядома яшчэ каму Расолька. – Толькі б знайсці яго. – Хто шукае, той знаходзіць (У. Шахавец. Дарога пачыналася ў Бярозаўцы). [Сяргей:] А дзе ж знайсці тое кавадла і той молат? На нашым заводзе толькі пнеўмамолаты, пракатныя станы, аўтаматычныя лініі. [Зацейка:] Не вешайце носа, дарагі Сяргей Пятровіч. Хто шукае, той знаходзіць. Галоўнае – была б ідэя (І. Стадольнік. Залатое вяселле). Безумоўна, ёсць арганізацыі, якія сапраўды маглі б вырашыць вашы праблемы. Хто шукае, той знаходзіць (Звязда. 1992, 8 снеж.).
* Пасля доўгіх пошукаў я знайшоў такое ці амаль што такое [сямейнае жыццё, пра якое марыў]. Як некалі казалі ў Жыціве, хто чаго шукае, той тое знойдзе (В. Гігевіч. Не забывай пра дом свой, грэшнік).
– Янкоўскі, с. 203: Хто шукае, той знаходзіць.
Хто языком штурмуе, не шмат наваюе. У балбатлівага чалавека вынікі працы малыя, нязначныя. – Вам не сумна мяне слухаць? Рабочы не прывык языком штурмаваць, а больш рукамі. –
86 👁