Старонка 506
◀ / 696 ▶
Ніколі не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння. Зараз я збяру свае манаткі (М. Матукоўскі. Мужчына, будзь мужчынам...). – Прыказкі, кн. 1, с. 173: Не адкладвай на заўтра, што паспееш зрабіць сёння; Не адкладвай на заўтра, што можна зрабіць сягоння. Тое, што можна зрабіць сёння, ніколі не адкладвай на заўтра. Гл. Тое, што можна зрабіць сёння, не трэба адкладваць на заўтра. <Той> не гаспадар, у каго вецер у павеці гуляе. Гаворыцца з асуджэннем пра нядбайнага, лянівага гаспадара. – Тут ужо ён не хлусіў; хіба ў каго каровы, свіней няма? Ёсць! – Як жа без гэтага?.. – Праўда, той не гаспадар, у каго вецер у павеці гуляе, – пагадзілася бабуля (Н. Маеўская. Надзеевіч). – Прыказкі, кн. 1, с. 188: Не гаспадар, калі вецер у павеці гуляе. Той пан добры, што на асіне вісіць. Устар. Пра стаўленне селяніна да паноў. Зноў жа, які пан дабрэйшы – буйны ці дробны, – пытанне вельмі туманнае. Памеры багацця ніколі не вызначалі панскай дабраты і адносін да селяніна. Праўду кажа старая прыказка: «Той пан добры, што на асіне вісіць» (М. Лужанін. Закрытая рэцэнзія...). <Той> хто топіцца, <і> за саломінку хопіцца. Гл. Тапелец і за саломінку хапаецца. Трапіў у вараны, крычы, як яны. Чалавек мусіць прыстасоўвацца да пэўнага асяроддзя, паводзіць сябе так, як і тыя, да каго ён трапіў. Сін.: З ваўкамі жыць – па-воўчы выць. – Ты сабе як хочаш, а мне абрыдла... Я на такое не наймаўся. – А ты на што спадзяваўся? Дудкі, трапіў у вараны, крычы, як яны (А. Асіпенка. Вогненны азімут). Убіўся ў вароны, каркай так, як оны. – А каб вас з вашым панствам. І ты ўжо, бачыш, шляхціц, пан: дровы на сыне возіш... – Ну, убіўся ў вароны – каркай так, як оны (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі). Папаўся ў вароны, то крычы, як воны. Думаю, хоць бы тыя [хлопцы] дзе сабе галовы паскручвалі, пакінулі майго ў спакоі. Дзе там! Ніякая трасца іх не возьме... Кажуць жа людзі: папаўся ў вароны, то крычы, як воны. Вось і мой пад іх пяе. Бывае, прыедзе, дык аж не пазнаю. На бутэльку заглядаецца... (А. Кажадуб. Стрэчанне). * [Лене] успомнілася старая прымаўка: сярод варон жыць – варонаю каркаць. Яна так не можа. І шкадавала, што паддалася на зман, што не хапіла вытрымкі ў спрэчцы з Волькай (М. Ваданосаў. Надзеі і здзяйсненні).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
97 👁
◀ / 696 ▶