– Прыказкі, кн. 1, с. 106: Прыдзець Ілья – наробіць гнілля; Прыйшоў Ілья – даў гнілля.
Прыйдзе і на крапіву мароз. Гл. Будзе (прыйдзе) і на крапіву мароз.
Прыйдзе і на нашу вуліцу свята. Гл. Будзе <калі-небудзь, некалі> і на нашай вуліцы свята.
Прыйшла каза да ваза, а скубці няма чаго. Пра кепскія вынікі ў якой-н. справе. Вось вынікі падпіскі на выданне: індывідуальная падпіска – 115, ведамасная – 1106, усяго – 1221 экзэмпляр... Як кажуць у народзе, прыйшла каза да ваза, а скубці няма чаго... Такіх мізэрных паказчыкаў яшчэ ніколі не было (ЛіМ. 2004, 17 верас.).
– Насовіч, с. 137: Прыйдзе каза да майго ваза прасіць сена; Федароўскі, с. 141: Прыйдзе каза да ваза прасіць аброку, дастане кіем па боку; Прыйдзе каза да воза, ды не будзе сена.
Прыйшла Прачыстая – усё поле чыстае. Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды; Прачыстая – свята ў хрысціян, якое прыпадае на 15 жніўня (па старым стылі). У сёлах звычайна казалі: «Прыйшла Прачыстая – усё поле чыстае». Ні снапа, ні каліва, ні зярняці, ні бульбіны ў полі не асталося (С. Грахоўскі. Мястэчка... Мястэчка).
– Прыказкі, кн. 1, с. 109: Прыйшла Прачыстая – стала поле чыстае.
Прыйшлі куры на хаўтуры, верабейка памёр. Кажуць з гумарам пра гурт людзей, асабліва жанчын, калі яны, выпадкова сабраўшыся, гавораць пра розныя дробязі. Вам, бабачкі, толькі даволі есці ды піці, а для галавы нічога не трэба... Во сабраліся гандзюліць. Як той казаў, прыйшлі куры на хаўтуры, верабейка памёр. Толькі і ведаеце, як лалэхаць языком (А. Мрый. Алё, Алёна!).
– Насовіч, с. 139: Прыйшлі куры на хаўтуры, верабейка памёр; Выслоўі, с. 98: Прыйшлі куры на хаўтуры, верабейка памёр.
Прыйшлі (мінулі) Пакровы – заганяй у хлеў каровы. Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды; Пакровы (Пакроў) – свята ў хрысціян, якое прыпадае на 1 кастрычніка (па старым стылі). Мы [пастухі] супакоіліся і цягнулі сваю службу да канца – гэта значыць да Пакроў. «Прыйшлі Пакровы – заганяй у хлеў каровы» – гаворыцца ў народнай прыказцы. Так было і ў нас (А. Якімовіч. Канец сервітуту). «Мінулі Пакровы – заганяй у хлеў каровы», – прускаўцы не заўсёды трымаліся гэтай прымаўкі і, калі дазваляла надвор'е, выганялі статак пасля
102 👁