не спячэш. Такая наша доля, цяжка быць інжынерамі, веры няма (У. Галубок. Белая зброя). На ўсякае чханне не наздароўкаешся. Гл. На кожны чых (на ўсякае чханне) не наздароўкаешся. На <усякае> хаценне ёсць цярпенне. Гаворыцца як адказ на чыё-н. моцнае жаданне ці просьбу, бо хутка выканаць іх цяжка ці нельга. «Кватэра мне патрэбна цяпер... Я тут задыхаюся. Мне цесна! Я тут як у клетцы...» – «На хаценне ёсць цярпенне», – адказаў спакойна татка (У. Дамашэвіч. Лішняе дзіця...). – Мама, купі мне гармонік! – Што ты, сынок. Пабойся бога. Дзе ж я вазьму такія грошы. Вось на свой хлеб пойдзеш, тады і купіш. – Мне цяпер трэба! – На ўсякае хаценне ёсць цярпенне. Я таксама хацела б, каб у нас усё было (А. Варановіч. Бубен для сына). – Давайце хутчэй рабіць абед, – захныкала Зоська, падключаючыся да работы. – Бо так хочацца торціка, не магу ўтрываць. – На хаценне ёсць цярпенне, – напомніла прыказку Зарына Сымонаўна (А. Марціновіч. На спадзе лета). Ах, як хочацца зазірнуць за край небакраю, убачыць, што там цябе чакае! Аднак пацярпі – на хаценне ёсць цярпенне (Маладосць. 2006. № 1). – Насовіч, с. 90: На хаценне ёсць пацярпенне; Прыказкі, кн. 2, с. 300: На пахаценне ёсць пацярпенне; У хаценні жывець цярпенне. Начная зязюля (зязюлька) дзённую перакукуе. Жонка зможа настаяць на сваім, перамяніць думкі мужа. Жонка на мужа мае значны ўплыў, асабліва ў інтымных адносінах. Пад гэтым уплывам ён часта перамяняе свае ранейшыя намеры: начная зязюлька дзённую перакукуе (К. Крапіва. Беларускія прыказкі). – Цьфу! – плюнуў [бацька]. Канечне ж, зазлаваў на сына, які ўкленчыў перад жонкаю. – Каб на цябе халера: начная зязюля перакукуе-такі дзённую... (Г. Далідовіч. Пабуджаныя). – Не, Нюшка. Твайму ўжо хлопцу на цябе і губу скрывіць няма за што. Ён табе павінен з аднаго золата труну выштукаваць. – Ай, хоць бы з сырых якіх дошак зрабіў... Мамка добра, а жонка лепей. Начная зязюля ўсё роўна, уніяціна, перакукуе дзённую (Я. Сіпакоў. Стафета). Я магла б угаварыць мужа пайсці працаваць на рынак (як кажуць, начная зязюля дзённую перакукуе) (С. Шаўцоў. «Гэта гучыць горда»?). – Насовіч, с. 116: Начная зязюлька дзённую перакукуець; Федароўскі, с. 355: Начная зязюля (кукуля) перакуе дзённую. На чужой старане і жук мяса <і старая баба – маладзіца>. На чужой старане ўсё, што ні ёсць, мусіць быць прыдатным, прыгодным. А старшыня не ў кішэню за словам, адразу ж адпеў
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
116 👁