(Я. Колас. На ростанях). Даём табе, Вася, усё, што можам. Вышэй пупа не падскочыш (І. Шамякін. У добры час). [Сокалаў:] Наогул зроблена многа. Але толькі не ў параўнанні з тым, што трэба зрабіць. [Чарнуха:] Вышэй пупа не скочыш (В. Палескі. Песня нашых сэрцаў). Неяк было не па-чалавечы пакідаць аднаго Мар'яна Казіміравіча, прыехалі ж разам. Хоць вышэй пупа не скочыш (В. Супрунчук. Сяргей Сяргеевіч). Ён разбудзіў Андрэйку, і яны пайшлі спаць на сена. Пры гэтым дзед мармытаў: – Што ж! Вышэй пят не падскочыш! Заўтра дапішам пісьмо... (З. Бядуля. Летапісцы). – Дык яны цябе сёння, збяруцца, як ліпку абдзяруць! І абараняць не будзе каму! – Знайшоўся абаронца! Не падскочыш вышэй пят (П. Місько. Градабой). – Чалавек – бязмежны творца. – І ўсё ж ёсць межы і для гэтага бязмежнага, як вы кажаце, творцы... Вы, паважаны мой зямляк, не будзеце адмаўляць народную мудрасць, якая сцвярджае: вышэй галавы не падскочыш (Я. Васілёнак. Салдаты не адступаюць). – Прыказкі, кн. 2, с. 475; кн. 1, с. 184: Вышэй пупа не падскочыш; Вышэй галавы не паднімешся; Вышэй носа не пераскочыш; Вышэй ілба не падскочыш. Вышэй пят не падскочыш. Гл. Вышэй пупа (пят, галавы) не падскочыш (не скочыш). Вышэй <самога> сябе не скочыш (не падскочыш). Больш за тое, на што здольны, што ў тваіх магчымасцях, не зробіш. Сін.: Вышэй пупа (пят, галавы) не падскочыш; Цераз сілу і конь не цягне. Як той казаў, вышэй самога сябе не скочыш. Калі суджана паправіцца, дык паправішся (К. Чорны. Зямля). – Ці вы ўсё жыццё думаеце на пенсіі пражыць? Інвалідам? – Не ведаю. – Хто ж ведае? – Вышэй сябе не скочыш! Як будзе, так будзе (І. Мележ. Дом пад сонцам). – Не ведаю, ці чытаў гэты Галавацкі, што пра яго сына напісана. А калі і чытаў, дык чаму ён такі абыякавы? Вясёлы, нібы так усё і павінна быць. – Слухай. Між намі гаворачы, а куды падзенешся? Вышэй сябе не падскочыш. Лёс (Я. Ермаловіч. Зазімак). Вялікага сабакі вялікі брэх. Праст. Кажуць іранічна ў адказ на чые-н. пагрозы, лаянку і пад. [Камісар:] Пачакай, лайдача! Я прыпільную! Але не прасі бога, калі дазнаюся! Будзе канчук [нагайка] у рабоце. [Навум, убок:] Вялікага сабакі вялікі брэх! Баш ты яго, вельмі пабаяліся! (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Прыказкі, кн. 1, с. 340: Вялікага сабакі вялікі брэх. Вялікае бачыцца на адлегласці. Кніжн. Што-н. вялікае, выдатнае па сваім значэнні па-сапраўднаму ацэньваецца, прыз-
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
119 👁