СЁМІЦА ж. рэліг. Тройца. Груздава Паст.
СЁМКА ж. рэліг. 1. Тое ж, што і сёміца. Ракаўскія Швянч. 2. Субота перад тройцай. Сёмка — субота перад тройцай, тады пракладаюць дзірванамі магілкі, а ў нядзелю — тройца. Мярэцкія Глыб.
СЁМКА ж. Сямёрка (ігральная карта). Хадзі сёмкай! Номікі Бабіц.
СЁМУХА ж. рэліг. Тое ж, што і сёміца. На сёмуху май становяць. Рыбчына Віл. Гэта адметка: да сёмухі нельга венікі рабіць бярозавыя, а пасля сёмухі робюць венікі. На сёмуху ўкопваюць бярозы на надворку і варотах, каровам вянке ўюць, на галовы кладуць. Кіралі Шчуч. Сёмуха на сёмую нядзелю пасля вялікадня. Вузла Мядз. Сёмуха ў нас была ў нядзелю, чатырнаццатага іюня. На сёмуху бяроскі ставяць возля дома. Малышы Лід. Тройца і сёмуха. Альхоўцы Лях. Дзедавая нядзеля перат сёмухаю. Вецярэвічы Пух. Сёмуха ў іюні. Ухвала Круп. Сёмуха — клён вешайуць над абразамі. Рудня Астравітая Чэрв. Сёмуха — свято, ломят бярэзіну і ўбірают хату. Лука Нараўк. Сёмуха — свята. Бугашэвічы Бярэз., Ухвала Круп. Сёмуха за сем тыдняў пасля вялікадня. Завельцы Астр.
СЁМУШКА ж. абрад. Галінкі дрэў, маладыя дрэўцы, якімі ўпрыгожваюць на тройцу хату, падворак. На сёмуху сёмушку прывозяць — бяроскаў, зразаюць іх пат корань. Збляны Лід.
СЁМУШНІЯ ДЗЯДЫ толькі мн. рэліг. Памінальны дзень праз тыдзень пасля тройцы. Сёмушнія і багатыя дзяды. Кухты Віл.
СЁНАЧЫ гл. СЕНАЧЫ
СЁННЯ, СЁНЯ, СЁНЁ, СЁННІ прысл. Сёння. Сёння хусты мыла, паласкала. Солы Смарг. Сёння падмыю. Лоск Валож. Сёння ўжо не пайду. Гальшаны Ашм. Сёння пагода, пойдам у лес. Рудня Астравітая Чэрв. Мне сёня сон сніўся. Ахрэмаўцы Брасл. Сёнё гліну возіць. Заполле Карэл. Сённі сажала. Малыя Аўцюкі Калінк.
СЁННЯКА прысл. Тое ж, што і сёння. Я яшчэ свае мяшкі ні аддавала, сённяка занясу. Калядзічы Ваўк.
СЁННЯЧЫ, СЁНЯЧЫ, СЁНЕЧЫ прысл. Тое ж, што і сёння. Сённячы гаворыць: «Чуць свет падымайся!» Учора ганіла кароў, а сённячы на бураке пайду. Пацаўшчына Дзятл. Прышоў і сёнячы. Дзяніскавічы Ганц. Сённячы кіно будзя ў клубі. Жніво пашло сёнячы. Малахоўцы Бар. Сёнячы памёр, шкада — добры быў чалавек. Сёнячы не хадзіла ў магазін. Альхоўцы Лях. Сёнячы ні была ў клубі. Сёнечы добра ўжэ ў нас. Збляны Лід.
СЁНЬКІ, СЁНКІ мн. Тое ж, што і сёні 2. Сёнькі, сёнкі — як уваходзіш у лазню. Завельцы Астр.
73 👁