ВЫКАПАЦЬ З-ПАД ЗЯМЛІ. Гл. ДАСТАЦЬ (выкапаць) З-ПАД ЗЯМЛІ.
ВЫКАСАВАЦЬ З МАПЫ. Цалкам знішчыць, разбурыць дашчэнту. Я пашоў да брата, навёў, панімаяця, навушнікі, сяджу і слухаю. Выступаіць жэншчына: «Таварышчы! Слушайця. Січас будзіць выступаць ацец Сталін». Я слухаю. Ён каыць: «Таварышчы! Напаў на нас ворах, ніспадзявана напаў. Але помніця: вайну вядзіця ацечаскую (отечественную). Не давайця немцу хлеба. Ні аднаму немцу! Мы немца выкасуем з мапы (карты), ужэ яго ні будзіць, немца». Я думаю, а-ё-яёй, немяц ляціць, аж вунь дзе ён, за Смаленскам вайна, а ён сабіраецца яшчэ немца з мапы выкасаваць. Ажно ш вышла, што й праўда. Разьбілі (немцаў), раскалацілі, Бярлін забралі і за Бярлін пашлі. Відзіш, як то бывая. Мік., Мядз. р.
ВЫКІНУЦЬ З ГАЛАВЫ. Перастаць думаць пра каго, пра што. І днём, і вечарам не адрываецца ад ксёншкі, усё чытае. Забаўкі выкінуў з галавы. Во табе школа што значыць! Сав., Стаўб. р.
ВЫЛАЗІЦЬ З ДАЎГОЎ. Гл. ВЫЛЕЗЦІ (вылазіць) З ДАЎГОЎ.
ВЫЛАЗІЦЬ (вылезці) ПРАЗ БОК (бокам) каму.
ВОМЕГАМ ВЫЛАЗІЦЬ каму. Недобразыч. Так не пройдзе каму, дрэнна кончыцца. Ці помніш ты, як ён людзей мучыў пры немцах? Як пастаўкі зьдзіраў? Людзей спісваў у Германію? Але вылязла яму ўсё тоя бокам, адрыгнуліся сьлёзы. Вар., Стаўб. р. Засьлініцца, рот разявіць і прэцца біцца. Але забралі-такі ў міліцу. Там яму ўсё вылязя праз бок. Кай., Кар. р. Калі пажаніліся мы са сваім старым (а былі бедныя), дык бацько мой ды кажа: «Як жа вы, дзеткі, жыць будзяце? Зямліцы мало». А ў дзядзіны не было сваіх дзяцей, ну дык яна й кажа, каб мы к ёй жыць ішлі. То нам яе зямліца вомягам вылязла. Жылі, наравілі, як ліхой скуле, глядзелі, а сіраўно кепско, ёй ня шкода было чужых дзяцей, сваіх век ня меўшы. Лоз., Навагр. р.
ВЫЛАМАЦЬ З КАЛЕНА. Незадав. Дастаць што, калі дастаць цяжка або зусім немагчыма; узяць з нічога. Дзе я той мячык табе вазьму? С калена выламлю? Кав., Старадар. р. Прычапіўся мой хлопец, дайця рубля і ўсё. А ў хаці якрас ні граша. То што я табе выламлю с калена? Сав., Стаўб. р. «Мама, дай цукерку!» — «А дзе я вазьму. С калена выламлю? От пайду на места (цэнтр мястэч
87 👁