ПЛАЦІЦЬ КАШУ. Даваць грашовую ўзнагароду бабцы за кашу, якою яна надзяляе гасцей (на радзінах). Паводле народнага звычаю, плаціць за кашу кум або кума. Ну й тады ўжо п'юць, гуляюць. Баба дае свой падарак, садзіцца на куце, вымае кашу прыбраную, і тады плацяць кашу. Хто болей дасьць, той і купіў кашу, кум там ці кума. Таўкач., Уздз. р.
ПЛЕСЦІ ЯЗЫКОМ. Гл. МЯНЦІЦЬ (плесці, мянташыць, трапаць, брэнкаць) ЯЗЫКОМ.
ПЛЕСКАЧА СХВАЦІЦЬ. Быць пакараным. Яка гадка дзеўка! Ашчэ й прытупвая! Я б ёй натупала, яна б у мяне жыва пляскача схваціла. Гр., Слуц. р.
ПЛЕСЦІ КАШЫ І ЛАПЦІ. Гаварыць глупства. Прышоў п'яны-п'янюсянькі, пляце кашэ і лапці. Сав., Стаўб. р. Дзяцько дакучны. Уваліцца ў хату і сядзіць. А глухі. Што ні дачуя, прыложыць, а тады ходзіць па хатах і пляце кашэ і лапці. Там жа.
ПЛЕСЦІ ПЛЁТКІ. Гл. ПЛЁТКІ ПЛЕСЦІ.
ПЛЁТКІ ПЛЕСЦІ. Пляткарыць, абгаворваць каго. Казаў Збысек Варакса, інжынер гэты, у нас кабеты нічого не робяць, адно ходзяць, плёткі плятуць. Сав., Стаўб. р. Старая Агата, ведамо, рабіць німа чаго, ходзіць па вёсцы і брэша, пляце плёткі на людзей. Жац., Стаўб. р. Я, праўда, была там, але ні слова не сказала пра братавую. А назаўтра плётку пусьцілі, што я на яе нагаворваю. Жац., Стаўб. р. Ты нічого яму такого ні кажы, бо ён плёткі пуская па вёсцы. Гор., Стаўб. р. Сёстры Вацікавы гэткія языкачэ (пляткаркі) былі, плёткі плятуць адно. А брыткія, а ні харошыя, а злосныя, адно завідуюць другім. Там жа.
ПЛОТ ГАРАДЗІЦЬ. Гл. ГАРАДЗІЦЬ ПЛОТ.
ПЛОТ З ПЛОТАМ. Побач, у суседстве. Тэрэня добра пашла замуш, бацьке багатыя, блізінько жывуць сусім, во плот с плотам з маім сынам. Сав., Стаўб. р. Мая сястра жывё з вашымі сваякамі плот с плотам, адзін плот у вашых і нашых там, у Задвор'і. Там жа.
ПЛЯСКАЦЬ ЯЗЫКОМ. Асудж. Многа гаварыць, балбатаць. Ці ён (швагер) калі мне дроў прывёс, ці плот загарадзіў — за век палкі ні перакінуў, а, мой божа, «заўоціцца», плешча языкам. Гр., Слуц. р. М'ёду, яблык поўна, а калі ўжэ прывязе трохі, жмінда эта, дак столькі гаворкі! А на мой харакцяр, дак ты ні давай, але й языкам ні пляшчы. Там жа.
82 👁