Гр., Слуц. р. Даўней старому спакайней было, меў якія два загоны і сядзеў карчом, як мая мама. Але цяпер лепш — ні ат кога нізавісім, пенсія. Там жа.
КАСА (нож) НА КАМЕНЬ. Сутыкнуліся ў непрымірымай супярэчнасці розныя характары, погляды. Наскочыла каса на камянь — ні адна, ні другая ні хоча ўступіць, стаяць каля плоту й агрызаюцца. Гор., Стаўб. р. У нас жанчына адна жыве зь нявесткаю ніважна, як кажуць, нош на камянь. Адна сваё, другая сваё. Нісуворна (не ў згодзе) жывуць. Каг., Лід. р.
КАСУ ЗАПЛЕСЦІ. Выйсці замуж. Вот і Антосіна дочка косу запліла. Вел., Пін. р.
КАТУ ПАД ХВОСТ. Гл. САБАКУ (кату) ПАД ХВОСТ.
КАТУ ПА ПЯТУ. Маларослы, малы, невысокі. Яшчэ вырасла кату па пяту, а ўжэ чуб на галаве ставіць, вот што значыць маладое. Кав., Старадар. р. Які той Казік — кату па пяту, а й ён ужо ходзіць у клуп танцаваць, было п дабро на сьвеці! Жац., Стаўб. р. Давай рас барукацца. Сабраліся хлопцы, дурэюць. А Тадзік Цьвірчышын здаровы, нічого што кату па пяту, як хваціў ён Антолішынаго да як бразьня аб зёмлю. Сав., Стаўб. р.
КАЎТУН ЗАВІЎ. Прыйшло ў галаву, заманулася, стукнула ў галаву каму. Я й ні зьбіралася ехаць, адаля каўтун завіў, села на аптобус і паехала да сястры ў госьці. Гр., Слуц. р. Настуся паехала да Мішы ў Пятрылаў, думала жыць там. І казу туды завезла і сякія-такія манаткі. Пажыла мо с тыдзянь, адаля каўтун завіў, яна лахі пат пахі й паперла дадому. Там жа.
КАХАННЕ ПРАВАДЗІЦЬ. Заляцацца да каго, фліртаваць з кім. Як каханё правадзіў, ня піў тады, а цяпер пака ні вып'я, яму й работы німашака. Аш млея, кап выпіць. Сав., Стаўб. р. Ванда Камароўскіх такая харошая зрабілася. Учоро йшла зь некім хлопцам, можа ўжо каханё правадзіць. Сав., Стаўб. р. Некалі мой (сын), як каханё правадзіў, прыедзя ранічкаю, ўжо ўставаць трэба, а ён у гумно, кап ні чулі, і скарэй спаць. Там жа.
КАША ЗАВАРЫЛАСЯ. Гл. ЗАВАРЫЦЬ КАШУ.
КАШУ ЗАВАРЫЦЬ. Гл. ЗАВАРЫЦЬ КАШУ.
КАШЫ НЕ ЗВАРЫШ з кім. Не дагаворышся, не пасябруеш, не зладзіш з кім. Колькі рас табе наказвала — не хадзі ты да Іваноўскіх, бо ўсі роўно нічого ні будзя, кашы ты зь ім ні зварыш. Вот паглядзіш, ашука
78 👁