стыў. Жац., Стаўб. р. «А ты дзе будзіш?» — «А во на лаваццы». Вышла, а яго й слет застыў. Некуды скруціўся. Ляўк., Арш. р.
І СМАЖАНАГА І ВАРАНАГА І ТАК КУСКАМІ. Усяго вельмі многа, удосталь (пра разнастайнасць прадуктаў харчавання, пачастункаў). Прыяжджаям мы да маладой. А там і смажанага і варанага, брат, на стале і так кускамі было, ўжо й места ні было дзе ставіць. Даўг., Віл. р. Цяпер вяселё гуляюць тыдзянь. Пананосяць усяго: і смажанага й варанага і так кускамі, п'юць, танцуюць. Сав., Стаўб. р. Паехалі рас мы ў тыя Баркі. Думалі ў ягады схадзіць. Прышлі да іх. А яны (сваякі) добро жывуць. Панаставілі на стол усяго — ні знаяш, за што першаё ўзяцца — і смажанаго й варанаго і так кускамі. Шаш., Стаўб р.
ІСЦІ НА ДОЛЮ да каго. Згадзіцца працаваць на чужой гаспадарцы на ўмовах атрымання пэўнай долі, часткі, паю ад даходу гэтай гаспадаркі. Як я падрос, жыць не было на чым, трэба было йсьці на долю. Нас было чатырох братоў. Як падзялілі бацькаву палоску, дык і барана нятоўпіцца (не змяшчаецца). Сам на долю пашоў да суседа, у яго дзяцей ні было. Усяго наслухаўся, ведама, ні са сваімі бацькамі. Януш., Лаг. р.
ІСЦІ НА ПРЫМЫ да каго. Гл. ПАЙСЦІ (ісці, прыйсці) НА ПРЫМЫ (на прымакі) да каго.
ІСЦІ (адправіцца) НА ТОЙ СВЕТ. Памерці, загінуць. Колькі маленькіх дзетак ішло на той сьвет раней. Лячэньня ніякаго ні было, уміралі чуць што. Жац., Стаўб. р. Учора ш Абрамовіч, што ў касьцёлку правіў, атправіўсё на той сьвет. Сав., Стаўб., р. На той сьвет то яшчэ ўсе пасьпеям атправіцца, трэба тут жыць, пакуль жывецца. Глядзі вот дзяцей і ні гавары абы-чаго, папраўляйся. Там жа. Даўно яго трэба було так папаіць крывёй, каб ён знаў, як нішчасных жонак на той сьвет атпраўляць. Раб., Слаўгар. р. Мне пайшоў усяго шосты гадок, як памёр бацько, а церас два ці тры месяцы пайшла на той сьвет і маці. Ст. Дзяв., Слонім. р.
ІСЦІ (пайсці) Ў ПРОЧКІ ад каго. Сыходзіць з дому, пакідаць на пэўны час сваю ўласную гаспадарку. Мой мужык пайшоў ад мяне ў прочкі. Пан., Нясв. р. Здурнеў ды, мусіць, у прочкі пашоў з дому. Няс., Навагр. р. Надаела мне ўжо гэта сварка, нязгода ў хаця. Як пасварылася, то й пашоў у прочкі. Сял., Маладз. р.
75 👁