Пелік м. Пасудзіна для мёду. ..не калыхаўся калматы быльнёг ля дарогі, прарэзанай коламі фурманак, што везлі і везлі з палёў у маёнтак амфары з пшаніцай, алеем, гідрыі з пітной вадой, пелікі з мёдам, сушаныя фінікі і вінаград (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 161).
Пенні н., нескл. Старадаўняя англасаксонская сярэбраная манета (з канца XVIII ст. – медная, а з 1860 г. – бронзавая); пенс. Таму ляжаць у княжацкай казне дэнарыі і пфенінгі, пенні і дырхемы (В. Іпатава. За морам Хвалынскім – МХ, 41).
Пенснэ н., нескл. Акуляры, якія не маюць завушнікаў і трымаюцца на пераноссі пры дапамозе спружынкі. З другога [боку] – прыстаў у залатым пенснэ, з пагонамі, зь вялікім шнурам праз грудзі і з шабляй (М. Цэлеш. Курылка – ХБ, 261). З другога канца калідору, супрацьлежнага таму, адкуль узяўся Корзюк, набліжаўся выцягнуты, як струна, вышэйшы яшчэ за Корзюка, стары і ў пэнснэ, прафэсар (М. Сяднёў. Раман Корзюк – К, № 5–6, 27).
Пенязь [ст.-бел. пенязь, пенезь; польск. pienigdz < с.-в.-н. pfennig] м. Манета, грашова-лікавая адзінка і сукупны тэрмін для пазначэння грошаў у Вялікім княстве Літоўскім у XIV–XVI стст. і Рэчы Паспалітай у XVI–XVII стст. (была ніжэйшай дробнай адзінкай трохступенных сістэм грашовага ліку: капа – грош – пенязь; рубель – грош – пенязь; раўнялася 1/10 гроша, па іншых звестках адзін грош складаўся з 40 пенязяў). [Радзівіл:] – А вы гатовы ахвяраваць Айчыне свае пенязі (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 140). Ён [начальнік варты] паслаў аднаго з варты, і той, спалохана мармычучы замовы, пацёгся ўверх, відавочна баючыся зайсці аднаму ў пакой вешчуна, і неўзабаве вынес мне мой вялікі пацёрты кашэль з пенязямі (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 364). Шварна разам з іншымі жрацамі паднёс да кола чорнага пеўня, які спалохана драў у паветры рагавістымі кіпцюрамі і тапырыў каляровыя пёры на хвасце, а таксама сярэбраныя пенязі і вялікі залаты чэшскі грош (там жа, 412). [Цыганка:] – Сапраўднай цыганкай ты была, ні пенязя ад нас не ўкрыла, сабе не ўзяла (В. Іпатава. Гайна і Мікаш – МХ, 331). ..я чуў, што недзе дасталі з зямлі зачараваныя скарбы, і калі нехта ўзяў з іх толькі пенязь, таму нейкая хвароба скруціла абедзве рукі (Ян Баршчэўскі. Апавяданне шостае. Плачка. – Выбр. тв., 168). ..яка шалёны прыпаў да алтара, на якім было поўна пенязей (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 277).
Пепіньерка [фр. pepiniere – пітомнік, рассаднік] ж. Дзяўчына, якую пасля заканчэння жаночай сярэдняй навучальнай установы пакідалі там жа для педагагічнай практыкі, што было асабліва пашырана ў царскай Расіі. Маральнасць імператара, які перабірае пепіньерак са Смоль-
74 👁