СЯДАЛА н. 1. Сёдала; жэрдка, на якую садзяцца куры. Малыя кураняты да сядала яшчэ не дапрыгіваюць, пад нізам спяць. Макаравічы Беш. 2. Куратнік. Ні ўсі куры ў сядала зайшлі. Кузняцова Віц.
СЯДАНКА гл. СЯДЗЁЛКА ў 1 знач.
СЯДАЧКА, СЯДУХА ж. Курыца, якая сядзіць на яйках. Ці ёсь ужо хто ў тваёй сядачкі? Зялёнка Пол. А сядуха ж мая крапіўнікаў мне павывадзіла. Учора я іх адшукала. Сахнавічы Глыб.
СЯДЗЁЛКА, СЯДЗЕЛКА, СЯДЗЯЛКА ж., СЯДЗЁЛАК м. Сядло, падсядзёлак; частка конскай вупражы. А во сядзёлка на Буяна. Іванск Чаш. Дзядзька ля павозкі, папраўляе сядзёлку. Слабада Шум. Сядзелку абычна кожай абцягвалі, штоб каню лучшэй была. Дабравольск Тал. Яшчэ памятаю, як бацька вучыў надзяваць на каня сядзялку. Абаляны Брасл. Дзядуля зрабіў для мяне сядзёлак, каб я мог катацца на кані. Сухі Бор Пол.
СЯДЗЁЛКА, СЯДАНКА, СЯДУШКА ж. 1. Стул з пярэдняй перакладзінай і спінкай для дзяцей да года. Прынясі сядзёлку да стала і пасадзі малога. Косарава Глыб. Сяданку абяшчала свякроўка купіць, а каляску муж ужо купіў. Камоскі Беш. Пасадзі Светачку ў сядушку. Сар'я В.-Дзв. 2. Табурэтка. І бацька, і дзед мой умелі рабіць сядзёлкі. Грабяніца Віц.
◊ СЯДЗЁЛКА ЧЭШАЦЦА Пра таго, хто сваімі дзеяннямі ці ўчынкамі правакуе іншых пакараць ці адлупцаваць яго. Я ўжэ даўно віжу, што ў цібе сядзёлка чэшацца. Канашы Гар.
СЯДМЫ ліч. Сёмы. Гэта было ў сорак сядмым годзе. Галбея Паст.
СЯДНІК гл. СЕННІК
СЯДНО гл. СЕННО
СЯДУХА гл. СЯДАЧКА
СЯДУШКА гл. СЯДЗЁЛКА ў 1 знач.
СЯКАН м. Каша з сечкі, драблёных круп. У арміі даюць адну пшонку і сякан з салам. Дразды Беш.
СЯКАНКА, СЕЧА ж., СЕЧАВА н. Карыта, у якім сякуць жывёле траву, караняплоды. У сяканкі ляжалі яблакі. Чаўнышкі Беш. У сяканцы маці замачыла брудную бялізну. Міхалова Чаш. Схадзі бульбоўніка ў сечу панакідай: свіней трэба вечарам нечым карміць. Коравічы Чаш. У сечаве мая бабуля замешвала яду свінням. Сарочына Уш. У сечава мама буракоў наклала. Цяпіна Чаш.
СЯКЕРНЯ ж. Месца каля хаты, дзе сякуць дровы. Ідзі на сякерню і прынясі дроў. Шацяні Сен.
СЯЛЕННЕ н. Загарадны дом; дача. У яго там сяленне – дача ў яго. Белая Ліпа Сен.
СЯЛЕТАК гл. СЕГАЛЕТАК
77 👁