СУСТРЭЦЦЦА зак. Сустрэцца. Яны ўчора сустрэціліся. Кавалі Лёзн.
СУСЮЛЬ прысл. Адусюль. Сусюль да нас на вяселле госці панаехалі. Астроўна Беш.
СУТАЧКІ толькі мн. Вузкі праход паміж сумежнымі будынкамі. А паміж хатамі былі вузкія сутачкі, толькі адзін тут праходзіць. Ясевічы Глыб.
СУТОНЕЦЬ незак., безас. Змяркацца. А восенню ў нас рана пачынае сутонець, нічога зрабіць не ўспееш. Ясевічы Глыб. Ужо пачынала сутонець, як ён пайшоў з дому. Ваўчо Уш.
СУТОННЕ н. Паўзмрок, змярканне. У лесе сутонне доўга не праходзіць. Бароўка В.-Дзв. Як толькі сутонне пачыналася – малых дамоў клікала, яны ў мяне па начах не басцяліся. Кутняны Пол. На сутонні брэшуць сабакі, галёкаюць на ўсё горла пастухі, гонячы кароў. Алексінічы, Нямойта Сен. Сутонне ўсігда пужала мяне малую. Ваўчо, Матырына Уш.
СУХАВЕНЬ, СУШКА ж. Спякота, сухмень; сухое і душнае надвор'е. На вуліцы ўчора была невынасімая сухавень. Янкавічы Рас. Во сяння сушка стаіць! Грабяніца Віц. Параўн. сухастой.
СУХАСТОЙ м. Сухмень, засуха, спякота. У ліпені таго года быў моцны сухастой, усё ў полі пасохла. Мікіціха Шум. Параўн. сухавень, сушка.
СУХАЧЧА н., зб. Ламачча. Накідана пад нагамі ўсякага сухачча. Замошша Брасл.
о СУХАЯ МАЛАННЯ ж. Маланка без грымот. Ой, як блішчэла ўчора сухая маланні! Радчонкі Гар.
СУХМАРЫК м. Бездажджавая хмарка. На небе адны сухмарыкі. Прыдвор'е Чаш.
СУХОТНІЦА ж. Худая, стройная дзяўчына. Бяры, сынку, багатырку, ні лянівіцу, ні хваслівіцу, ні пражорлівіцу, а бяры сухотніцу. Шаркоўка Леп.
СУХУПАРКА ж. Звараная бульба. Якая смашная сухупарка з сялёдачкай ці з салам, з цыбулькай. Замошша Сен.
СУЧКА ж. Рыба шчыпоўка. У нас во тут во пад мастом сучкі плаваюць. Жалезкі Беш. Параўн. сікаўка.
СУЧКІ толькі мн. Ваўчкі, травяністая расліна з учэпістымі калючкамі. Нарві сучак ды памый сына. Заронава Віц. Во мая кошка прышла – уся ў сучках. Дзе бадзялася – халера яе ведаіць. Сахнавічы Глыб. Яшчэ маці мне казала, што нельга збіраць сучкі. Лукомль Чаш. Параўн. сабачкі.
СУЧКІ мн., груб. Рукі. Убяры адсюль свае сучкі. Паўазер'е Беш.
СУЧЫЦЦА незак. Сачыцца, цячы. Вада с крыніцы сучыцца чыстая, смачная. Слабодка Леп.
75 👁