РАГОЖЫНА ж. Ануча, якой мыюць падлогу. Вазьмі ты рагожыну пад шафай ды затры ваду на палу. Сахнавічы Глыб. Параўн. рызінка.
РАГОЗІНА гл. РАГАЗІНА
РАГОЛІК м. Рагалік. Вазьміце сабе па раголіку к чаю. Грышаны Віц., Чырына Дубр.
РАД, РЯД м. Пракос. Прайду па радах і паразбіваю сена. Алексінічы Сен. Сёння два ряды прайшоў, дык спацеў увесь. Канашы Гар.
РАДАБОДДЗЕ н., зб. Зараснік. Мы астанавіліся тады ў радабоддзі хмызнякоў. Слабада Шум.
РАДАБОЦЬ ж. Тонкая, рэдкая тканіна. Што ты з яе пашыеш, з радабоці? Такая рэдкая, як бінт. Лазы Тал.
РАДАДУЛІ, РЭДАЛІ, РЭДАЛІ, РЭДЫ толькі мн. Зробленыя з жэрдак бакавіны, якія ўстаўляюцца ў калёсы для перавозкі сена. Бяры рададулі, сена накладзём ды завязём брату. Ноўка Гар. Стаяць гэты рэдалі каля крыльца, некуды прама дзецца. Валынцы В.-Дзв. Сена капяшкамі ложаць на рэдалі і звозяць у амбар. Шаркаўшчына. Рэды нашыя зламаліся. І як сена цяпер вазіць будзем? Падрукша Брасл.
РАДАНІЦА ж., абрад. Радаўніца. На Раданіцу на кладбішча пойдзім. Лужасна Віц. А на Раданіцу шоў дождж. Чарневічы Глыб.
РАДАСЬ ж. Радасць як эмацыянальнае пачуццё. Якая радась, што вы прыехалі. Боркавічы В.-Дзв. Як дзеці добрыі, дык маткі радась. Чырына Дубр.
РАДАЦЬ незак. Рыдаць, моцна плакаць. Яна ізноў радае – ну што ты зробіш? Стаі Леп. Параўн. рыгаць, рызгаць.
РАДВАЦЦА незак. Ганарыцца, адчуваць гордасць. Жывіце так, каб мы вамі маглі радвацца. Евіна Гар.
РАДЗІВА, РАДЗЬВА, РАДЫВА н., РАДЗІЯ, РАДЗІВОЛА ж. Радыё. Радзіва ўключы. Чырына Дубр. Радзіва тожа не работала ў іх. Свабодная Сен. У наш час было толькі адно радзьва. Ступакі Дубр. Уключы радыва. Фарынава Пол. Жылі даўней не так, як цяпер: цілівізараў не было, радзіяў тожа. Папшычы Глыб. Пра гэта гаварылі па радзіволе. Груздава Паст.
РАДЗІВОЛ м. Радыёла. Помню, як бацька прывёз першы радзівол. Спігальшчына Міёр.
РАДЗІВОЛА гл. РАДЗІВА
РАДЗІНА, РОДЗІНА ж., толькі адз. Сваякі, радня. Радзіна ў іх большая. Канашы Гар. На Каляды да нас збіраецца ўся радзіна. Чырына Дубр. Уся бабуліна родзіна з'ехалася на юбілей. Галбея Паст.
РАДЗІНЫ мн., абрад. Хрэсьбіны. На радзіны сягоння ідзём. Чырына Дубр. Учора на радзінах пасля царквы добра пагулялі. Высачаны Лёзн., Слабада Шум.
80 👁