Тань, ды тавару ні гань. Пры куплі можна й танна даваць затавар, але ня трэба прыдумляць, што тавар хвальшывы. Тапор у карчму папёр, а сякера дома сядзела. Гульня словаў, жарт-прыказка й разам загадка. Тапор — гаспадар, сякера — гаспадыня. Гаспадар пашоў у карчму, а гаспадыня дома сядзела. Татава хата. Гэтак жартам называюць вязьніцу. Тваё дзела цілячча: зьеў поіла ды атпруць ў хлеў. Прыказваюць дзецям ці падлеткам, калі тыя ўмешваюцца ў справы старэйшых. Твой язык разам і таўчэ, і меля. Калі нехта ў гутарцы адначасова хоча двум праціўным баком дагадзіць. То бокам, то скокам. Хто стараецца выкручвацца на розныя спосабы ў жыцьці, у рабоце, у гутарцы. То за пень, то за калоду. Прыказваюць, калі нехта ўхіляецца ад нейкай работы ці гутаркі. Той госьць ізноў ёсьць. Кажуць, калі зьяўляецца непажаданая асоба. Той сабака ня брэша, што спатайка кусая. Аб благім чалавеку,які спадцішка падкусвае — удае вышэй стаячым асобам, зводы робе. Той сьмяецца, хто будзя сьміяцца апошнім. А апошнім будзе сьмяяцца тады, калі іншым будзе не да сьмеху. Толькі тоя права й праў. Калі адну и тую самую работу трэба паўтараць. Трасецца, як асіна. Калі нехта трасецца ад хваробы ці страху. Трэба вехця й нажа, дык будзя добрая дзіжа. Прыказваюць, калі нейкая хвароба ці пашкоджаньне паўстала ад неахайвасьці. З казкі: — У бабы папсавалася дзяжа, і хлеб не ўдаваўся. Яна папрасіла сьвятара адправіць над дзяжой малебен. Сьвятар заўважыў, што дзяжа абкарэлая гнілым цестам, дык правячы малебен ён сьпяваў: «Трэба вехця й нажа, каб была добрая дзяжа». Трэба дуды ў мех зьбіраць. Калі вясёлы час кончыўся й настае абыдзёншчына. Трэба, каб быў воўк сыты й козы цэлы. Калі даводзіцца дагаджаць двум супроцьлеглым баком. Трэба, каб да Юр'я было сена й у дурня. Трэба, каб і нядбалы гаспадар меў сена да 23 красавіка. Трэба нос прытыкаць. Калі да некага трэба зьвяртацца ў нейкай патрэбе.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
87 👁