568. Калі будзіш усё ведаць, дык скора састарэішся. Прыказваюць дзецям, ці падлеткам, якія цікавяцца справамі неадпаведнымі іхнаму веку.
569. Калі валіцца малы, дык Бог падкідая падушачку, а калі стары валіцца, дык Бог падкідая барану. Прыказваюць, калі стары зваліцца, дык звычайна скалечыцца, ці заб'ецца, а малы пры гэткай-жа прыгодзе застаецца непашкоджаны.
570. Калі веруць, дык ні правірайся. Хто набыў давер у грамадзе, хай яго ня губляе праз злоўжываньне.
571. Калі вінін, дык аддаць павінін. Напамін людзям, каб былі справядлівымі й сумленнымі ў дачыненьні да іншых.
572. Калі вісець, дык за абедзьве нагі. Калі пачаў нейкую справу, хай сабе й рызыкоўную, даводзь яе да канца.
573. Калі вядзецца, дык і на шчэпку прадзецца. Калі некаму ручыць, дык ён мае посьпехі й без адмысловых захадаў.
574. Калі да цябе ня п'юць, дык і ні кажы «Здароў будзь!». Прыказваюць таму, хто настырліва набіваецца ў кампанію, дзе ён не пажаданы.
575. Калі да Спаса жыта ні зьбярэні з поля, дык посьля Спаса яно само пойдзя ў зямлю. Сялянская прыказка аб тым, што посьля Спаса (6 жнівеня) жыта асыпаецца.
576. Калі дало зрабіць, дык дасьць і зьесьці. Сялянскія заўвагі аб надвор'і: Калі сухое лета й няма перашкоды ў зборы збожжа й сена, дык прыйдзе марозная зіма, статак зьесьць больш корму, і сена нястане.
577. Калі дзень даўжэя, дык нітка карацея. Жаночая прыказка, бо бабы й дзеўкі найболей спрадаюць кудзелі вечарамі й досьвіткамі, калі доўгія ночы. Калі-ж дзень стане доўгі, тады яны адрываюцца ад пражы на іншыя работы ў гаспадарцы.
578. Калі ёсьць — жары, а німа — мры. Прыказваюць гаспадару, які жыве толькі сёньняшнім днём.
579. Калі жонка ні адпрадзе, дык так прападзе. Выказваюцца аб ненадзейным даўжніку.
580. Калі з засека цячэ, дык і няўмека хлеб сьпячэ. Калі ёсьць на чым гаспадарыць, дык і мала практыкоўны чалавек патрапе нешта зрабіць.
581. Калі за сваім йізыком слова ня ўдзержыш, дык і на чужы язык ніспадзівайся. Прыказваюць, калі нехта наракае, што яго сябра выдаў ягоны сакрэт.
92 👁