505. І вухом ні вядзе. Прыказваецца аб упартым, які ня хоча слухаць добрай рады. «Колькі мы ні прыказвалі сваёй дзяўчыне, каб йіна біз патрэбы ў вёсцы па хатах ні хадзіла, а йіна й вухом ні вядзе, як хадзіла, такі ходзя».
506. Ігрушка — мінушка, летца мінецца.. а ў вочы трэба глядзецца. За малаважную прычыну ня варта ніколі звадкі рабіць, бо малая крыўда скора забудзецца, а толькі будзе сорамна спатыкацца з чалавекам, зь якім апастыліўся.
507. І гэта хлеб. Прыказвае той, хто мае хоць малы, але пэўны прыбытак.
508. І да мяса трэба закраса. І добрае трэба паляпшаць, удасканальваць.
509. Ідзе проці веку. Кажуць аб тым, хто ўбіраецца ў сілу й розум.
510. Ідзе, як вада. Гэтак адклікаюцца аб добрым работніку, што знаходзеў хаце сабе работу й хутка яе выконвае.
511. Ідзе, як тры дні ня еўшы. Аб тым, хто ідзе марудна.
512. Ідзі ты ў катнія рукі. Выказваюць на таго, хто пакідае родную хату супроць волі бацькой ці старэйшых.
513. І за шчэпку знайдзіцца прычэпка. Калі ёсьць ахвотнік да звадкі,дык ён прычэпіцца й за драбніцу.
514. І злосьніку свайму закажу. Прыказвае той, хто зрабіў нейкую вялікую памылку ў жыцьці й ад гэтай памылкі будзе перасьцерагаць ня толькі сваіх прыяцеляў, але навет і сваіх ворагаў.
515. І крошачкі пабраў. Прыказваецца, калі дзіця вельмі падобнае да бацькоў і выглядам, і з натуры. «Якраз як бацька — і крошачкі пабраў!»
516. І лапкамі накрыўся. Прыказваюць, калі нехта завінаваціўся, а посьля ўхіляецца й гутарку аб сваім даўгу заводзіць. «У мяне сусед пазычыў грошы дый лапкамі накрыўся».
517. Ільля нарабіла гнільля. Сьвята Ільля прыпадае 20 ліпеня. Гэтым часам часта ідзе дождж, дык сена й снапы гніюць.
518. І людзей паглядзець, і сябе паказаць. Прыказвае жартам кірмашнік, калі ў яго пытаюць, чаго ён ідзе на кірмаш.
519. І марац мацая за паліц. Сялянская прыказка аб сакавіковых марозах.
520. І мядзьведзя-ж вучуць. Прыказваюць таму, хто адмаўляецца вучыцца, бо быццам гэтай навукі ён ня зможа ўцяміць.
521. І рыбкі ні хачу, і лыдкі ні мачу. Прыказвае той, хто адмаўляецца хоць і ад прыбытковай, але турботнай і небясьпечнай для здароўя работы.
93 👁