За чужоя лычка рэміньчыкам плаціцца. Напамінак, каб ня прагнуць чужых рэчаў, бо за чужую тайную рэч дорага плацяць.
За чужым пагонішся, дык сваё ўтраціш. Прыказваюць маладым у навуку, каб ня галіліся на чужое дабро.
За што купіў, за тоя й прадаў. Прыказваюць аб тэй рэчы, якая дарэмна дасталася дый марна й страцілася.
За язык пацягнула. Прыказвае, хто няўмысьля сказаў непажаданае слова, ці выхваліўся з сакрэтам.
З благога быка ні лою, ні малака. Прыказваюць аб благім статку, ці аб бескарысных людзях.
З благога куста благая й птушка вылітая. Прыказваюць, калі вырадкі й злачынцы выводзяцца з благое радні.
З благога статку ні ў клеці лою, ні ў хлевя гною. Аб благім статку.
З Богам, Параска, калі людзі здараюцца. Прыказваюць, калі благі непатрэбны чалавек пагражае, што пакіне грамаду.
Збор дружына. Калі людзі з розных бакоў і з рознымі паглядамі, дык між імі згоды ня будзе.
З ваўкамі жыць, па-воўчу й выць. Трэба дастасоўвацца да таго асяродзьдзя, між якога жывеш.
Згалеў і здурэў. Прыказваюць аб хваравітым, расьпешчаным дзіцяці.
З гэтага квасу піва ня будзя. Прыказваюць, калі дапушчаюць, што нейкая распачатая справа ня дасьць пажаданага выніку
Здароваму бацьку й вады шкадавала, а калі ўміраў, дык нажом зубы разьнімала ды малако давала. Гутарка тут аб благой дачцэ. Прыказваюць аб тых людзях, якія зьдзекваліся з сваіх ахвяр, а калі іх давялі да сьмерці, дык для людзкога вока сталі дапамагаць ім і іх усхваляць.
З дурням ні знайсьці, ні згубіць. Прыказваюць на того, хто выдаў нейкі сакрэт і пашкодзіў ягонаму матар'яльнаму прыбытку.
Зімовая мураваньня, старога каханьня, п'янага набажэнства усё гэта блазенства. Прыказваюць, калі стары жэніцца.
Зімой і летам адным цвэтам. Прыказваюць аб тым, хто не пастарэў, або хто не мяняецца на багацьці.
З ласкі на пацеху. Прыказваецца, каб ухіліцца адказу на пастаўленае пытаньне: За што ты яму даў грошы? — З ласкі на пацеху. За што ты яго пабіў? — З ласкі на пацеху.
Злодзі пярэйдзя — вуглы пакіня. Агонь пярэйдзя — попіл пакіня. Прыказвае той, у каго будынкі пагарэлі
95 👁