1667. Які госьць, такая й чэсьць. Паважнага гасьця добра прымаюць і частуюць, а на няпрошанага не зьвяртаюць увагі.
1668. Які дзень, такі й пажытак. У сьвяточны дзень і харчаваньне лепшае.
1669. Як ідзе арэнда, дык сын камэнда, а як падыходзя рата, дык глядзі ты, тата. Прыказваюць бацькі-гаспадары, калі дзеці іх ашукваюць. Гутарка гэтта аб благім сыне арандатара. Калі трэба нешта збываць з гаспадаркі, дык сын прадае, а калі трэба плаціць за арандаваную зямлю, дык сын напамінае, каб бацька пашукаў грошы.
1670. Якія мы самі, такія нашы й сані. Аб характары чалавека можна судзіць па ягоных рухах. рабоце й рэчах.
1671. Як кот наплакаў. Калі нехта хваліцца, што ён іямат зрабіў работы,а ён у запраўднасьці нічога не зрабіў.
1672. Як кукамі зьбіты. Як вылеплены з гліны. Прыказваюць да сытага, тучнага, моцнага чалавека.
1673. Як мокрая гарыць. Калі нехта марудна працуе.
1674. Як мы былі козы, дык і ў нас былі рогі. Гэтак старыя напамінаюць тым бацьком, якія забараняюць сваім дзецям хадзіць на ігрышчы, бо калі тыя бацькі былі маладыя, дык і самі хадзілі.
1675. Як мы у людзей ядзім, дык мы тады весіла глядзім, а як у нас людзі ядуць, дык у нас тады сьлёзкі цякуць. Аб скупых і зайздрывых людзях. Калі ім дапамагаюць, дык яны вясёлыя, а калі трэба людзям дапамагчы, тады ім няміла.
1676. Як нам жаніцца, дык тады ноч мала. Калі пры і выкананьні важнай работы не хапае часу.
1677. Якоя дрэва, такі й клін; які бацька, такі й сын. Аб прыроднай спадчыннасьці бацькаўскага характару на дзяцей і аб выхаваньні. У сумленных бацькоў будуць сумленныя, выхаваныя дзеці.
1678. Як памёрла матка, дык асьлеп і татка. Калі памёрла маці, а бацька ажаніўся ізноў, дык ён мала ўвагі зьвяртае на дзяцей ад першай жонкі.
1679. Як пасьцелішся, гэтак і высьпішся. Як чалавек аб сабе парупіцца,тое ён будзе сабе й мець.
1680. Як нашло з раньня, дык ідзе аж да вечара. Прыказвае той, каму змоладу не шанцавала ды не шанцуе да самай старасьці.
1681. Як пашоў, дык і плех знашоў. Аб тым, хто некуды першы раз пашоў ды там нейкую бяду ці няпрыемнасьць нажыў.
1682. Як просюць, дык жнуць і косюць. Калі нехта просе пазыкі ці нейкай дапамогі, дык абяцае за гэта адгадзіцца, памагаць жаць і касіць,а посьля атрыманьня забываецца на свае абяцанкі.
77 👁