Старонка 114
◀ / 133 ▶
Што ўложа хам, дык ня выня й пан. Нялёгка тое адрабіць, што папсуе нейкі злыдзень. Што ў тэй чэсьці, калі нечага есьці. Прыказвае галодны госьць, калі стол добра прыбраны й гаспадары ветліва запрашаюць, але на стале няма пажывы. Шукая галава гуза. 1. Прыказваюць на дзяцей, калі яны лезуць у небясьпечнае месца, дзе могуць пакалечыцца. 2. Прыказваюць дзяцюком, калі яны на кірмашы заводзяцца біцца. Шукай ветру ў полі. Калі нароблена шмат шкоды, але няма ніякага сьледу, каб шукаць вінавайцаў. Шыхалюцца, як сабакі каля разьніцы. 1. Калі хлопцы-падлеткі бегаюць, мітусяцца каля карчмы ці каля тэй хаты, дзе ёсьць ігрышча, а іх туды ня пускаюць. 2. Калі нейкая банда ажыўлена рухаецца, мітусіцца. Шыйся, бяліся, — заўтра Вялікдзінь. Аб нядбайнай асобе, якая зацягнула работу за доўгі час да астатняга дня, і ёй за кароткі час немагчыма выканаць, як немагчыма за адзін дзень да Вялікадня выбяліць палатна й пашыць сарочкі. Шый, як зложана. Гэтак прыказана, каб ня ўводзіць у жыцьцё навінаў і чужых звычаяў, а трэба жыць спрадвечнымі парадкамі й звычаямі свайго краю. Шыла ў мяшку ня ўтоіш, або шыла зь мішка вылазя. Калі нейкі сакрэт сам сабой выкрываецца. Шэтар ды пэтар. Калі нейдзе вясёлы гоман, шум, сьпевы, мітусьня, як на вясельлі ці вялікім балі. Ю Юр'я гвазьдзіць, а Мікола масьціць. Сялянская заўвага. На восенскае Юр'я, 26 лістапада, гразь замярзае й робіцца калючая, як гвазды. На восеньскую Міколу, 9 сьнежня, сьнег зямлю масьціць. Юр'я кажа: — Я жыта раджу. Мікола кажа: — Я пагляджу. На веснавое Юр'я, 23 красавіка, жыта адыходзе («кратаецца»), а на веснавога Міколу, 9 траўня, пад раньнюю вясну, жыта выплывае. Юрка, Юрка! Вылазь з падпечча — да цябе знаёмы пан прыехаў. Калі нехта блізкі па сваей дурноце наклікаў спатканьне зь непажаданай асобай. З казкі: За часоў прыгону гаспадар згледзіў, што да яго пан едзе. Ён схаваўся пад печ. Калі пан прышоў у хату ды папытаўся, дзе гаспадар, дык жонка ўзрадавалася, што да ейнага мужа аж сам пан прыехаў, ды клікала мужа гэткімі словамі: «Юрка, Юрка! Вылазь з падпечка — да цябе знаёмы пан прыехаў». Пан-жа прыехаў, каб пакараць селяніна за невыкананьне прыгону.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 133 ▶