Старонка 248
◀ / 381 ▶
А.І. Шаблоўскі КАНЦЭПЦЫЯ "АКТАНТНАГА" АРТЫКУЛА ДЛЯ ДЫЯЛЕКТНАГА ТЭМАТЫЧНАГА СЛОЎНІКА 0 Пастаноўка праблемы1 Сучасны стан і далейшае развіццё беларускай дыялектнай лексікалогіі непарыўна звязаны з укладаннем тэрміналагічных слоўнікаў беларускіх народных гаворак. Істотная асаблівасць гэтых слоўнікаў заключаецца ў анамасіялагічным прынцыпе групіравання намінацыйных адзінак. Тут неабходна адзначыць, што (1) у спіс апошніх трапляюць не толькі словы, але і спалучэнні слоў і што (2) сам спосаб сукупнай падачы намінацыйнага матэрыялу павінен адлюстроўваць асаблівасці актуальнага светаўспрымання. Маюцца на ўвазе прыярытэтныя матывацыйныя аспекты члянення рэчаіснасці і найбольш пашыраныя анамасіялагічныя спосабы фармальнай фіксацыі лексічнага зместу. Гэтым тлумачыцца неабходнасць распрацоўкі адэкватнай анамасіялагічнай мадэлі слоўнікавага артыкула. 1 Тэматычная група і семантычнае поле: сутнасць адрознення Ідэаграфічны прынцып размеркавання слоў у слоўніку мае адну істотную перавагу перад простым алфавітным парадкам: тэматычнае групіраванне дазваляе адлюстроўваць лексікаграфічнымі сродкамі ў межах моўнай, а не маўленчай структуры кантэкстны, сітуацыйны план ужывання слова. Гэта садзейнічае больш глыбокаму разуменню семантыкі слова за кошт актуалізацыі логіка-прадметнага, канатацыйнага, а таксама і прагматычнага аспектаў значэння. Праблема ж аднак заключаецца ў тым, што прадметна-тэматычная група сама па сабе не з'яўляецца структурным утварэннем. Элементы парадку ў такім з'яднанні слоў можна знайсці, але на ўзроўні семантычных палёў. А гэта значыць, што і межы прадметна-тэматычнай групы больш-менш выразна можна акрэсліць толькі апасродкавана, праз спасылку на лексіка-семантычныя палі, паміж якімі існуюць адносіны логіка-прадметнай супастаўляльнасці. Гэтая акалічнасць і вымушае нас звярнуцца да прыроды адрознення паміж прадметна-тэматычнымі групамі і лексіка-семантычнымі палямі. Як вядома, асновы парадыгматычнай тэорыі поля ў семантыцы былі распрацаваны Й. Трырам і Л. Вайсбергерам у 60-х гадах нашага стагоддзя. З таго часу агульны падыход да пабудавання семантычных палёў прынцыпова не змяніўся, хаця наконт самога паняцця поля выказваліся самыя розныя меркаванні. Для нас важна адзначыць наступныя моманты. 1 Гэты артыкул напісаны пад уплывам і на матэрыяле апошняга на сённяшні дзень у беларускай дыялектнай лексікаграфіі і вельмі своеасаблівага (з шэрагу многіх падобных вопытаў) выдання "Лексіка апрацоўкі льну: тэматычны слоўнік, лексічны атлас"// Т.М. Трухан, Ф.Д. Клімчук. Лексіка апрацоўкі льну: тэматычны слоўнік, лексічны атлас. – Мінск: ВТАА "Права і эканоміка. – 2006 г.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 381 ▶