Адпрыметнікавыя назоўнікі з адценнямі непахвальнасці, абражальнасці прадстаўлены адзінкавымі ўтварэннямі: белы – білянка 'светлавалосы чалавек', тухлы – тухлянка 'хто смярдзіць'. Націск на суфіксе. Тып рэгіянальны (віц., маг.).
-ант. Пеяратывы-маскулінатывы абазначаюць асоб паводле схільнасці да дзеяння, якое асуджаецца грамадствам. Фіналі ўтваральных асноў адсякаюцца; націск свабодны: манкіруtаць – манкірант 'гультай', урваць – урвант 'урвіцель'. Тып рэгіянальны (гродз.).
-аньк-а(-еньк-а, -оньк-а, -ыньк-а). У беларускай дыялектнай мове для ацэначных утварэнняў з гэтымі суфіксамі матывавальнымі з'яўляюцца вытворныя асновы прыметнікаў на -ат-ы (фіналь асновы адсякаецца): гарбаты – гэрбанька, кірпаты – кірпонька. Дэрываты агульнага роду маюць адценні ласкальнасці, спагадлівасці. Націск свабодны. Тып рэгіянальны (гом., віц.).
-ар(-яр). Утвараюцца асабовыя назоўнікі мужчынскага роду з ацэначнымі адценнямі зневажальнасці, асуджэння і складаюць тры тыпы:
1. Матывавальныя – асновы дзеясловаў, фіналі якіх пры дэрывацыі адсякаюцца; магчыма чаргаванне ц'//т, з'яўленне ўстаўнога т; націск свабодны: бліндар 'валацуга', лабахтар 'падманшчык', лгар 'тс', мутар і муцяр 'тс', памагатар, чытар 'чытака', шлэпар 'хто цягне ногі, шлэпае', шлэптар 'валацуга' і інш. Тып агульнабеларускі.
2. Адпрыметнікавыя субстантывы характарызуюць асоб па прыкметах знешнасці, фізічным стане або ўнутраных якасцях. Фіналі матывавальных асноў адсякаюцца; націск на суфіксе, радзей на корані: галавар 'галавасты', глухар, губар 'губаты', далікатар, дзікар і дычар, ліхвяр 'задзіра', в – устаўны, лютар, нохар і носар 'насаты'. Тып агульнабеларускі.
3. Адназоўнікавыя дэрываты з суфіксам -ар(-яр) складаюць два падтыпы:
а) дэрываты матывуюцца ацэначнымі адушаўлёнымі назоўнікамі мужчынскага, жаночага і агульнага роду: бандзюга – бандзюгар, дачка – дочар (з адценнем ласкальнасці), зызма – зызмар 'скупы', сабака – сабакар 'дураслівец', шмуль – шмуляр 'чалавек у падраным адзенні'. Націск свабодны. Падтып рэгіянальны (віц., гом., гродз., маг.);
б) субстантывы мужчынскага роду ўтвараюцца ад асноў неадушаўлёных назоўнікаў, абазначаюць асоб па тым, што названа матывавальным словам, і суправаджаюцца адценнямі непахвальнасці, абразлівасці: кішка – кішкар, кленда – клендар 'клышаногі', плётка – пляткар, шклянка – шкляр 'з вялікімі вачыма'. Націск на суфіксе. Падтып агульнабеларускі.
-арк-а. Аддзеяслоўныя ўтварэнні жаночага роду з гэтым суфіксам са значэннем 'асоба–суб'ект дзеяння' маюць адценне зневажальнасці і прадстаўлены ў дыялектнай мове адзінкавымі словамі: гнюсіць 'сварыцца' – гнусарка 'сварлівая жанчына', смаліць – смалітарка 'бессаромніца'. Націск свабодны. Тып рэгіянальны (маг., мін.).
-асць. Субстантывы з фармантам -асць звычайна называюць прадметы, з'явы са значэннем адцягненай прыкметы або дзеяння, з лакальным або зборнарэчыўным значэннем. Аднак сустракаюцца адпрыметнікавыя ўтварэнні (назоўнікі агульнага роду), якія характарызуюць асоб па выразнай знешняй прыкмеце, маральных якасцях і якія маюць ацэначнае адценне непахвальнасці.
78 👁