Старонка 163
◀ / 381 ▶
Усе беларускія народныя назвы насякомага Tettigonia viridissima ўзніклі на аснове агульнай анамасіялагічнай дамінанты "характэрныя асаблівасці паводзін жывой істоты і спосаб існавання яе ў прасторы". На ўтварэнне корпуса найменняў коніка істотны ўплыў аказалі дзве асноўныя матывацыйныя прыкметы: 1) насякомае, якое мае ўласцівасць своеасабліва перамяшчацца ў прасторы – скакаць; 2) насякомае, якое можа выдаваць гукі тыпу "цвыр-, цвыр-", "цвір-, цвір-", "цыр-, цыр-", "свір-, свір-" і пад. [5, с. 146]. Такім чынам, мэтазгодна вылучыць два тыпы назваў коніка, якія рэалізуюцца ў маўленні носьбітаў гаворак беларускай мовы. У састаў найменняў кожнага з тыпаў уключаны назвы, адрозныя па структурнай рэалізацыі і тоесныя паводле матывацыйных крытэрыяў. Па-першае, – гэта прызнанае нарматыўным у сучаснай беларускай мове найменне конік, а таксама назвы козлік (казёл, казялок і пад.), скачок (скакун і пад.), што абазначаюць Tettigonia viridissima як насякомае, якое скача. Па-другое, – гэта назвы коніка як жывой істоты, што мае ўласцівасць утвараць пэўныя гукі, – цвыркун (стрыкун, свірстун), страказа, кузнечык (кузнец) і кавалёк (кавалік). Фіксацыя ў гаворках адзначаных груп назваў, якія адрозніваюцца паводле матывацыйных прыкмет і лінгвагеаграфічных асаблівасцей, дазваляе акрэсліць на тэрыторыі беларускамоўнага ландшафту два асноўных, выразна аформленых, супрацьлеглых арэалы. Апошнія, як сведчыць карта, пададзеная ў артыкуле, супадаюць пэўным чынам па сваіх лакальных асаблівасцях з традыцыйным дыялектным падзелам беларускіх гаворак. Першы – уласнабеларускі суцэльны арэал цесна звязаны з паўднёва-заходнім дыялектным масівам, а таксама ахоплівае больш познія па ўзнікненні так званыя "пераходныя" сярэднебеларускія гаворкі ў цэнтральнай іх частцы. Тут конік названы па асаблівасцях руху – на аснове ўласнапрэдыкатыўнага тыпу матывацыйных адносін. Другі арэал назваў Tettigonia viridissima ў гаворках беларускай мовы характарызуецца паўночна-ўсходняй дыялектнай прыналежнасцю і з'яўляецца вельмі старажытным па сваім паходжанні. Найменні коніка ўказанага тыпу ўзніклі ў межах архаічных беларускіх гаворак, у прыватнасці віцебска-магілёўскай групы гаворак паўночна-ўсходняга дыялекту, і маюць антрапаморфны характар утварэння. Неабходна засведчыць тую акалічнасць, што рэгіёнам спалучэння і пашырэння найменняў абодвух тыпаў з'яўляюцца гаворкі, якія паводле традыцыйнага дыялектнага падзелу не ўваходзяць у састаў гаворак асноўнага дыялектнага масіву, – гэта заходнепалескія гаворкі, а таксама сумежныя з імі гаворкі Тураўшчыны. Звернемся да падрабязнага разгляду анамасіялагічнага матэрыялу па назвах насякомага, якое скача і стракоча крыламі, зафіксаваных ў гаворках беларускай мовы. Ілюстрацыйным "спадарожнікам" гэтага даследавання з'яўляецца змешчаная ў артыкуле карта, на якой акрэслены асаблівасці анамасіялагічнага ўжывання найменняў коніка.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
90 👁
◀ / 381 ▶