ЗАВОНЬ ж. Затока. Рака ідзець гэдак, а потым гэдак, то завонь. Плавы пазарастаюць, завонь астаецца.
ЗАРЫВАЦЬ незак. Пераставаць даіцца (пра карову). Малако гарчэець у астатняе ўрэмя, як зарываць станець.
ЗАХЛУДЗІЦЬ зак. Застраміць, пракалоць. Захлудзіў руку чартапалогам.
ЗЫГАВАЦЬ незак. Гізаваць. Каровы сёня зыгавалі, на дош авадні кусаліся. Зыгуяць каровы.
ЗЫГАРАДА ж. Адгароджанае месца для жывёлы (у хляве або ў лесе). Запры авечак у зыгараду! Зыгарада ёсь у лесе для коней.
ЗЬДЗІВІЦЬ зак. Сурочыць. Пойдзець хлопец тоўсты такі, уражайны, дык яго зьдзівяць.
ЗЮ-ЗЮ-ЗЮ выкл. Словы, якімі падзываюць гусей.
КАЗІЦЦА незак., АКАЗІЦЦА зак. Нараджаць казлянят. Каза саўсём нядаўна аказілася, а малака ніяк няма.
КАЛАПНІ мн. Каноплі. У калапнях ёсь выбіранкі.
КАЛТАЯ ж. Дошчачка з дзіркай у жорнах, дзе памяшчаецца верхні канец млёна. Калтая адарвалася.
КВІЧЭЦЬ незак. Пішчаць, крычаць (пра свінню). Сьвінні квічаць, есьці хочуць.
КЛАТ м. Складзеныя паколатыя дровы. Парэзаныя і пабітыя дровы ў клат кладуць або ў стажок. Толькі два клады дроў.
КЛУНДЗЮК м. Сляпая кішка ў кабана.
КЛЯТБА ж. Кляцьба. І кап ты прапаў, кап ты праваліўся — і зачала садзіць клятбы.
КРАЛІЦЦА незак., АКРАЛІЦЦА зак. Нараджаць трусянят. Адгарадзілі катух, бо скора краліцца будзе труска.
КРУХАЦЬ незак. Рохкаць. Сьвіня да парасят рохаець, крухаець.
КРУЧКА ж. Бручка. Дзе ты ёсь?! Каровы ў кручку залезьлі.
КРЫЖОЎКА ж. Скрыжаванне дарог; ростані. Дойдзеш да крыжоўкі, там нейкая машына падбярэць.
КУСЬЦЯРНЯ ж. Кусты. Там заросшы кусьцярнёй. Схаваўся у кусьцярні і ня відаць.
КУЦУ-КУЦУ-КУЦУ выкл. Словы, якімі падзываюць авечак.
87 👁