ТАРМАСА ж. Валтузня, важданіна, тармашэнне. Па гэтай тармасе разыдземся ўсе (Янк., 248).
ТУЖБА ж. Смутак, журба, маркота. Служба — тужба (Янк., 63).
ТЫКАВЕЦ м. Той, хто спіхвае клопат на другога. Дзе жывуць тыкаўцы, там і бог адступіўся, а дзе якаўцы, там і бог жыве (Рам., 293).
УМЕЕНКА ж. Уменне, здатнасць, кемлівасць. Умеенкі ніхто за плячыма не носіць (Янк., 120).
УПАР м. Упартасць. На ўпар лекаў няма (Янк., 237).
ХАМСТВА н. Нізкае саслоўе. Не дай бог, хто з хамства пападзе ў панства (Нас., 96).
ХІЖА ж. Спрытная жанчына. Наша хіжа дужа рана ўсходзілася каля крыжа (Нас., 90).
ХУДА н. Зло, няшчасце, нястача. Не відаўшы худа, не відаць і дабра (Нас., 94).
ЦЯПЛОСЦЬ ж. Цеплыня. Ад цяплосці не баляць косці (Янк., 96).
ЧУБАЙКА ж. Чуб, чупрына (Нас., 70). Кулік чайку ўзяў за чубайку (Нас., 70).
ШТОЦЬКА займ. Нешта. Прышоў Хтоцкі, ухапіў штоцька: бяжы ды лаві (Ляц., 36).
ЯДЭЎШ м. Ядок. Наш Тадэўш — які ядэўш, такі рабатэўш (Янк., 180).
ЯКАВЕЦ м. Той, хто робіць сам. Дзе жывуць тыкаўцы, там і бог адступіўся, а дзе якаўцы, там і бог жыве (Рам., 293).
Прынятыя скарачэнні
Жд. — Жыдовіч М. А. Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак. Мінск, 1970; Ляц.— Ляцкий Е. А. Материалы для изучения творчества и быта белорусов. I. Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898; Нас. — Носович И. И. Сборник белорусских пословиц. Сборник отделения русского языка и словесности имп. Академии наук, т. 12. СПб., 1875; Рам.— Романов Е. Белорусский сборник, вып 1 и 2. Киев, 1885; Рап.— Рапановіч. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. Мінск, 1958; Янк.— Янкоўскі Ф. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, выд. 2. Мінск, 1962.
Лічба ўказвае на старонку выдання, адкуль узята прыказка.
75 👁