А. П. Цыхун, Г. А. Цыхун
ЛЕКСІКА ДЗІЦЯЧЫХ ГУЛЬНЯЎ І ЗАБАЎ
Прадстаўленая ў гэтай падборцы лексіка запісана ў г. Гродна і Гродзенскім раёне. У якасці інфарматараў выступалі як дзеці, так і дарослыя асобы, у сувязі з чым сярод зафіксаваных назваў ёсць пэўная колькасць сінонімаў, якія могуць адносіцца да розных перыядаў бытавання дадзенай гульні. Некаторыя сінонімы з'яўляюцца вынікам моўнай дыферэнцыяцыі ўказанай тэрыторыі, што звязана з міжмоўнымі кантактамі і ў першую чаргу з беларуска-польскай моўнай інтэрферэнцыяй. Таму сярод запісаных назваў многія выступаюць у спаланізаваным выглядзе. Некаторыя з назваў, як і самі гульні, былі, відаць, запазычаны з Расіі ў час бежанства ў гады першай імперыялістычнай вайны (гл. шашкі, бабкі і інш.). Іншыя ж распаўсюдзіліся ў пасляваенны час у сувязі з міграцыяй насельніцтва, асабліва гарадскога.
Існуючыя класіфікацыі беларускіх народных гульняў улічваюць пераважна этнаграфічныя і педагагічныя моманты 1, пакідаючы ўбаку лексічны аспект. Між тым народныя назвы гульняў, а таксама паняццяў, звязаных з іх арганізацыяй і правядзеннем, утвараюць пэўныя лексічныя тыпы, аналіз якіх можа ўяўляць цікавасць не толькі з моўнага пункту погляду. З словаўтваральнага пункту погляду звяртае на сябе ўвагу незвычайная прадуктыўнасць суфікса -к-, які ў спалучэнні з формай множнага ліку ўтварае ад дзеяслоўных асноў назвы многіх так званых рухомых гульняў тыпу хаванкі, сігалкі і пад.
1 Параўн.: Вількін Я. Р. Беларускія народныя гульні. Мінск, 1969, с. 4—7; яго ж. Белорусские народные игры второй половины XIX—начала XX в. Автореферат кандидатской диссертации. Минск, 1971, с. 13.
81 👁