Старонка 225
◀ / 337 ▶
Вялікая колькасць слоў, якімі карыстаўся бацька ў працэсе сваёй працы, адносіцца да агульнавядомай беларускай лексікі: асялок, кузня, каваль, гайка, гартаваць, загартаваць, клешчы, малаток, нажоўка, напільнік, паяльнік, паяць, сталь і шмат іншых. Частка з іх адрозніваецца ад літаратурнай лексікі толькі фанетычна: атвёртка, волаво, жалезо, зубіло, кавадло, карыто, паткова і інш. Шмат запазычанняў з нямецкай мовы праз польскую: апцэнгі — абцугі, зайзаяр — саляная кіслата, рашпіль — рашпільны напільнік, флякцэнгі — пласкагубцы, шнайдэза — разец, шмэргяль — наждак, шуфлера — штангенцыркуль і інш., а таксама з польскай мовы: лютаваць — літаваць, паяць, цына — волава, лютаванё — паянне, начынё — інструмент, прылада, магнэс — магніт, клямра — клямар, трыба — шасцярня і інш. З 1939 г. у кавальскую лексіку пачалі пранікаць словы з рускай мовы і выцясняць некаторыя запазычанні з нямецкай і польскай моў: саляная кіслата, паяць, раздвіжны ключ, наждак, клубік і інш. АДРУБІЦЬ зак. Адсячы кусок жалеза, дроту. Дрот ці жалезо нагрэяш начырвоно і тады лёхко адрубіш. АПЦЭНГІ толькі мн. Абцугі. Апцэнгамі возьмяш гарачаё жалезо і ў воду — закаліць, трымаяш, покуль астыгня. Апцэнгамі ашчыквалі ўхналі. АТВЁРТКА ж. Адвёртка. БОРМАШЫНКА ж. Ручны дрыль. Ручная была ў міне бормашынка, свідраваў дзюркі ў шыны ў сані, пат калёса. Чы мала дзе трэба дзюрку прасвідраваць. ВАРЫЦЦА незак. Награвацца да чырвонага колеру (пра жалеза). Жалезо як варыцца — гэто як грэяцца, то пасыпаць жалезо пяском трэба, скурка палучаяцца, жалезо пат пяском парыцца. ВАСЭРВАГА ж. Грунтвага, ватэрпас. ВОЛАВО н. Волава. ВЯРСТАК м. Рабочы стол каваля ў кузні. Да вярстака прыкрэплены шрупстак. На вярстаку паложыш і апцушкі малыя, і цвічкі, і малаток, і бляшку якую, усё, што трэба пад рукамі. ГАЛОЎКА ж. Плешка (цвіка, гайкі). У шрубе галоўка чатырохкантовая, таўшчэйшая, як у цьвіку. ГАРНО н. Горан. ГАТЭЛЬ м. Шып (у падкове). У паткове наваруюцца тры гатэлі.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 337 ▶