НАДЫХАНКА ж. Хлеб з цеста, замешанага грэцкай мукой на аржаной рашчыне. Надыханку бралі на ніву, з кіслым малаком яе елі.
НАПРАБІЦЦЁ прысл. Напралом. Куры разбэсьціліся, напрабіццё ў ячмень лезуць, рады німа.
НАРОШЧЫ толькі мн. Прыступы. Зуб разбалеўся, учора трыма нарошчамі як уздымецца боль, вытрываць няможна.
НАРУЧНІКІ м. Рукавіцы без пальцаў, толькі на запясце. Наручнікі даўней насілі каля работы, пальцы вольныя, і ў рукі ўсё ж ні так холадна.
НАСТАЯШЧА прысл. Досыць многа. Грыбоў настаяшча назьбіралі, і марынавалі, і на смажонку асталося.
НІВІРУТНЫ прым. Несусветны. Злодзей і гультай ён нівірутны, нідзе ў сьвеце такога німа.
НІПРЫЛЮДАК м. Маўклівы дзікаваты чалавек. Хай сядзіць адзін ніпрылюдак гэты, зь людзьмі ў яго гутаркі німа.
НІТВЕДАМА прысл. Нямаведама. Наплёў тут нітведама чаго і пашоў.
ПАГАЛОЎШЧЫНА ж. Частаванне, як парсюка заколяць. Цяпер сталі ўсе пагалоўшчыну спраўляць, мода такая ў нас.
ПАЛ м. Высокая тэмпература, гарачка. Такі мела пал у сярэдзіне, аж ад памяці адхадзіла.
ПАМЕЖАК м. Сухадольная сенажаць. На пахаці дабро расцець, а на памежку — травы ды зёлкі розныя, усё людзям трэба.
ПАРУБЕНЬ м. Тонкае бярвенца з зарубкамі на канцы для прыціскання сена, саломы. Сена можна вазіць брыкай, а можна парубнём прыціскаць.
ПАСТЫР м. Галоўны пастух. Наш пастыр на берасцянай трубе іграў, каровы яго слухалі. Як запяець пад паўдня: «Лёг-палёг, лёг-палёг — па калені мурог, было піць, было есці, а цяпер проша легчы» — дык каровы палягуць на станавішчы.
ПАТАРТАЧЫНА ж. Доўгая жэрдка, шост. Узяў нейкую патартачыну і спароў сарочча гняздо.
ПЕКНЫ прым. Прыгожы. Пекны сад вырас і на пекным месцы. Хустка пекная, уся ў ружы.
ПІРГАЦЬ незак. Штурхаць. Ні піргайця, дзеці, малога.
80 👁