СМАКОТНЫ прым. Смачны. Яна разварылася так, што, здаецца, вось-вось рассыплецца на смакотныя кавалкі. Палт., КС, 26.
СМАКОЦЦЕ н. толькі адз. Тое, што с м а к а т а. От смакоцце будзе. Кап., СЖЛ, 34. Параўн. с м а ч н а т а.
СМАЛЯНУЦЬ зак. Выстраліць. Пры першым жа зручным выпадку падапрэ пад кулі. А то і смаляне ў спіну. Нав., СД, 346.
СМАЛЯНУЦЬ зак. Перан. Паспяшацца. Глядзіце. Пабіраха як смалянула. Лупс., ВТ, 10.
СМАРКАЧ м. 1. абразл. Сапляк. «Маўчы,— кажу,— смаркач, усю музыку мне сапсуеш». Лупс., ВТ, 156. 2. заал. жарг. Ёрш. Рыгор першы злавіў невялікага «смаркача» — ярша. Лупс., ВТ, 165.
СМАЧНАТА ж. толькі адз. Тое, што с м а к а т а. Борщч параваў, і Анісім на ўсе грудзі ўдыхаў хатнюю смачнату! Саб., I, 326. Параўн. с м а к о ц ц е.
СМЕРЦЯВОЗ м. Бамбардзіроўшчык. Дзесьці кроянь смерцявозы неба — слёзы мацярынскія ім трэба. Смаг., К, 19.
СМЕТНІШЧА (сметнище) н. толькі адз. Сметнік. По сметнищу ходили, теляжочки збирали, дружак даровали. Рам., БС, I—II, 342; Гом. Алёнка замяшая Иваньку одного теста, да понясе бытто Иваньку, да на сметнищи выкиня. Рам., БС, III, 265; Перарост Гом.
СМЕХАТУРА ж. толькі адз. Смяхоцце, смехата. Глянь на Ваську. Смехатура! Краўч., НХП, 527.
СМЕШАЧКІ толькі мн. ласк. смешкі. Добрыя смешачкі, Міцька. Лупс., ВТ, 13.
СМУРОДАВЫ (смуродовый) прым. Парэчкавы. И стоить на им три кусты: куст калиновый, куст смуродовый и куст супщиновый. Рам., БС, III, 151; Гарадзец Раг.
СМЯЛЯКА аг. Смяльчак. Маўляў, бачыце, які я смяляка? Гам., ША, 110.
СМЯРЦЕННЫ (смяртенный) прым. Балючы. Суставы помазать на руках и на ногах, и темя и небо: смяртенный зуб и отойдя. Рам., БС, V, 86; Целяшы Гом.
СМЯЮН м. Рагатун, чалавек смяшлівы. Гэта ўсё адно, што пажаніць нашу лапатуху Хадоссю са смеюном Нічыпарам. Саб., ЖЗ, 9.
СНЕД м. толькі адз. Дошка альбо венік з саломы ці прутоў, якімі закрываюць на зіму паз, шчыліну (у вуллі). Выняли ены з улья снед и доўжэнь,— аж шаршни як высыплюць з вулья да пачнуць их кусаць. Серж., СРБП, 58; Лучыцы Маз.
СОБСКІ прым. Свой. А собскіх кароў дык ім і не карціць глядзець. Саб., I, 107.
СОВІСЛІВЫ прым. Сумленны. Ды яшчэ ж яна совіслівая вельмі, наша Ева. Палт., КС, 43.
СОЙСКАВАЦЬ зак. Даведацца, дазнацца. Ёсць такій чаловек, што пришов сойскаваць, зачим ты по чужих землях крадзеш дзевок. Рам., БС, III, 159; Навасёлкі Раг.
СОЎГАЦЦА незак. Хадзіць узад і ўперад. Я і то ўжо ўвесь твой верш вывучыла, хоць і соўгалася з хаты на двор. Дан., Ж, 19.
СПАВІВАЛА (сповивало) н. Спавівач. Да нехай идзе, да нехай несе сповивало дзицяци. Шэйн, III, 435; Дзякавічы Маз. Параўн. с п а в і в а н к а.
СПАВІВАНКА ж.: вылузацца са спавіванкі — 1. станавіцца больш самастойным (пра дзіця, якое ўжо не спавіваюць). За зіму маленькі Максімка вылузаўся са спавіванкі і пачаў рачкі поўзаць па падлозе. Саб., I, 282. 2. перан. неадабр. пра з'яву (звычайна адмоўную), якая мінула ўнутраную стадыю развіцця. Вылузаўся са спавіванкі фашызм і адразу ж ашчэрыў ікластыя зубы драпежніка. Саб., ЗПД, 9.
СПАГАДЗЯ: трохі спагадзя—трохі счакаўшы. Трохі спагадзя адчыняюцца дзверы. Сач., Д., 219.
86 👁